Суд над Уладзіславам Кошалевым перанеслі (абноўлена)



У судзе Партызанскага раёна Менска завяршыўся разгляд справы супраць грамадскага актывіста Руху „За Свабоду” Уладзіслава Кошалева, які быў затрыманы падчас збору подпісаў за правядзенне „Народнага рэферэндума”.

Як распавёў намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч, рашэнне па гэтай справе будзе агучана заўтра:

– Суддзя пасля доўгай нарады з’явілася ў залі пасяджэнняў і абвясціла, што рашэнне будзе вынесена заўтра раніцай у 11.30. Уладзіслаў на гэты момант вольны, ён накіроўваецца дадому. Заўтра ён мусіць з’явіцца, каб пачуць вырак, які будзе агучаны судом.

Тое, што сёння не было агучана рашэнне па справе Уладзіслава Кошалева азначае, што нават суддзя сумняецца, ці падпадае збор подпісаў пад гэты артыкул:

– Нават для суддзі ў яе сітуацыі, калі яна мусіць выконваць загады, было зразумела, што па тым артыкуле, па якім быў складзены пратакол, прыцягнуць да адказнасці немагчыма таму, што грамадзянін збіраў подпісы пад зваротам у органы дзяржаўнай улады, але гэта ніякім чынам не стасуецца з падрыхтоўкай да правядзення масавага мерапрыемства. Гэта юрыдычная бязглуздзіца, таму яна не змагла сёння прыняць нейкае канкрэтнае рашэнне па гэтай справе.

28 кастрычніка актывіст Руху „За Свабоду” Уладзіслаў Кошалеў збіраў подпісы за „Народны рэферэндум” у інтэрнаце аднаго з ПТВ на вуліцы Ваўпшасава ў Менску. Гэта не спадабалася намесніку дырэктара па ідэалогіі навучальнай установы, якая адабрала ў актывіста падпісныя лісты і выклікала міліцыю.

* * *

У судзе Партызанскага раёна Менска разглядаюць справу актывіста Руху „За Свабоду” Уладзіслава Кошалева. Яго вінавацяць у нібыта падрыхтоўцы масавага мерапрыемства.

„Пры зборы подпісаў закон не быў парушаны”, – кажа намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч:

– Натуральна, што такое абвінавачанне, яно абсалютна бессэнсоўнае і бязглуздае. Правядзенне рэферэндума не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, і тым больш падрыхтоўкай да правядзення рэферэндума не займаюцца зборшчыкі подпісаў – гэта кампетэнцыя выключна дзяржаўных органаў. Наша задача на сённяшні момант – гэта сабраць подпісы грамадзян Беларусі пад зваротам да дзяржаўных органаў. Я спадзяюся, што калі суддзя хоць трошкі знаёмая з беларускім заканадаўствам, то не можа прыняць ніякага іншага рашэння, акрамя апраўдальнага. Калі гэта справа заказная, то можна чакаць любога выраку.

28 кастрычніка актывіст Руху „За Свабоду” Уладзіслаў Кошалеў збіраў подпісы за „Народны рэферэндум” у інтэрнаце аднаго з ПТВ на вуліцы Ваўпшасава ў Менску. Гэта не спадабалася намесніку дырэктара па ідэалогіі навучальнай установы, якая адабрала ў актывіста падпісныя лісты і выклікала міліцыю.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя