Суд не задаволіў хадайніцтва Аляксандра Рамановіча
Суддзя Берасцескага абласнога суда Аляксандр Саўчук незадаволіў хадайніцтва пінскага актывіста Аляксандра Рамановіча. Яно датычылася аднаўлення тэрмінаў абскарджвання арышта ў 15 сутак і штрафа ў 40 базавых велічыняў, якімі пакаралі сябра Руху “За свабоду” і “Партыі БНФ”.
Актывіста такім чынам пакаралі за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта “аб дармаедстве” 26 сакавіка:
– Я, насамрэч, знаходзіўся 15 сутак у ізалятары. Мне далі адзін лісцік паперы А4. Я канешне ж разумеў, што гэтага мала, таму вырашыў усё ж такі папрасіць напісаць заяву, каб мне прадаставілі магчымасць заключыць дамову з адвакатам. Але гэты аркуш паперы з маёй заявай дзесьці знік. Начальнік ІЧУ сказаў, што сам да адвакатаў звярнуўся, але адавакаты адмовіліся.
Арышт і штраф – пакаранні па двух адміністрацыйных пратаколах. Першы з іх – за “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”, другі – за „непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.
“Буду падаваць наглядную скаргу, каб мець мажлівасць абскардзіць рашэнні ў вышэйшых інстанцыях, ажно да Камітэта ААН па правах чалавека”, – зазначыў Аляксандр Рамановіч.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Цалкам гук у далучаным файле.