Суд не задаволіў скаргі гарадзенскіх актывістаў



 У Гарадзенскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі Уладзіміра Хільмановіча, Віктара Сазонава і Сяргея Верамеенкі.

20170119_095701

Заяўнікі нязгодныя з адміністрацыйнымі штрафамі, якія на іх наклаў суддзя Бубенчык, за ўдзел у Свіслацкім фэсце 2016. Цяпер жа, суддзя абласнога суда Уладзімір Янкоўскі, які разглядаў скаргі, пакінуў рашэнне свайго папярэдніка без зменаў.

20170119_100243

Кажа Уладзімір Хільмановіч, пасля вынясення вердыкту:

— Ніякага вяршэнства Канстытуцыі, ніхто не звяртае ўвагі. Сам факт нашай прысутнасці ў Свіслачы аўтаматычна расцэньваецца, як судом ніжэйшай інстанцыі, так і абласным, як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Я звяртаў увагу абласнога суда, што беларусы дыскрымінуюцца яшчэ і па нацыянальнай прыкмеце, бо іншыя народы, палякі ўскладаюць кветкі на Дзяды, і гэта нармальна, расейцы можа там да Сталыпіна нясуць кветкі, савецкія людзі таксама маюць права ўскласці кветкі да помніка Леніну.  

20170119_100233

Як мяркуе іншы фігурант адміністрацыйнай справы, Віктар Сазонаў, судовыя рашэнні сведчаць пра тое, што ўлады Гарадзеншчыны не любяць праяваў беларускасці, нават калі гаворка ідзе пра ўшанаванне памяці выбітных беларусаў:

— Канчаткова пераканаўся, што ўсё ж на Гарадзеншчыне ёсць нейкая высокая службовая асоба, якая не любіць беларускіх матываў. Я расцэньваю гэты пераслед як пераслед па нацыянальнай прыкмеце, бо ўжо ёсць прыклады нейкага пацяплення ў дачыненні да іншых акцыі, але ў дачыненні да таго, што робяць беларусы, калі яны ўшаноўваюць памяць сваіх герояў,  дык гэта, скажам так, падвяргаецца вось такому вось пераследу.

Цяпер гарадзенскім нацыянальным актывістам нічога не застаецца, як працягнуць бараніць свае правы, давёўшы скаргі да Камітэта ААН па правах чалавека.

20170119_100300

Сяргей Верамеенка

Нагадаем, што Уладзімір Хільмановіч, Віктар Сазонаў ды Сяргей Верамеенка былі аштрафаваны на сумы 840, 735 і 315 рублёў адпаведна.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя