Суд не задаволіў скаргі Яўгена Скрабутана



Рашэнне суда Ленінскага раёна Берасця пра спагнанне з Яўгена Скрабутана пяці базавых велічыняў штрафу пакінулі без зменаў. Пра гэта грамадскі актывіст паведаміў ў сваім facebook пасля таго, як атрымаў адказ на сваю скаргу ў судовою ўстанову вышэйшай інстанцыі. Каментуе сам Яўген:

– Я атрымаў пастанову Берасцейскага абласнога суда. Яны разгледзелі маю скаргу пра тое, што суд Ленінскага раёна Берасця выпісаў мне 5 велічыняў за ўдзел ва ўшанаванні памяці братоў Каліноўскіх у Свіслачы. І я абскарджваў гэтае рашэнне. Суд не задаволіў скаргі і пакінуў тое рашэнне ў сіле.

Большасць удзельнікаў штогадовага фэсту памяці паўстанцаў у Свіслачы былі пакараны штрафамі за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”. Усе яны заяўляюць пра тое, што несанкцыянаванага мерапрыемства не было, а было звычайнае ўшанаванне продкаў (Дзяды). Супрацоўнікі ж міліцыі, якія выступаюць сведкамі, сцвярджаюць адваротнае. “Буду па мажлівасці і надалей абскарджваць рашэнне, аж да Камітэта ААН па правах чалавека”, – зазначыў Яўген Скрабутан.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце