Суд па факце дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін
У судзе Маскоўскага раёна Берасця прайшло 4 паседжанні па позве былога работніка прыватнага прадпрыемства «Дэльфа-Буг» Сяргея Вакуленкі аб устанаўленні факта дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін на прадпрыемстве і ўзнаўленні на працы. Вакуленка лічыць, што звольнены за тое, што бараніў свае працоўныя правы і дапамагаў іх бараніць іншым. Па працы ніякіх спагнанняў ці заўваг не меў.
У выніку Вакуленка са сваім адвакатам Паўлам Алесікам прапанавалі міравую, зменшыўшы і так невялікую суму за маральную і фізічную шкоду, кажа Сяргей Вакуленка:
– Мы вырашаем пытанне маральнай шкоды, таму што закон гэта прадугледжвае. А вось адносна аднаўлення на працы – гэтае пытанне амаль невырашальнае. Калі яны гатовыя спыніць канфлікт, трэба чымсьці ахвяраваць.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Сяржука Русецкага, адносна дыскрымінацыі на працы – гэта першы прэцэдэнт у краіне. Шкада, што прыватныя прадпрыемствы ў Беларусі дзейнічаюць па адным прынцыпе з дзяржаўнымі, калі пажаданы пакорныя і паслухмяныя, а не высокапрафесійныя спецыялісты:
– Адной з характэрных рысаў дадзенай справы з’яўляецца тое, што і на прыватным прадпрыемстве, як і на дзяржаўным, кіраўніцтва прадпрыемства не зацікаўленая ў тым, каб прадстаўнікі адстойвалі свае інтарэсы і дапамагалі адстойваць інтарэсы іншых.
Падтрымаць Вакуленку прыйшлі сябры, аднадумцы і паплечнікі. 30 жніўня ў 14 гадзін міравая згода будзе заключана ў судзе, калі наймальнік не перадумае.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя