Суд па прызнанні матэрыялаў tut.by экстрэмісцкімі зрабілі закрытым



У судзе Цэнтральнага раёна Менска 24 чэрвеня пачаўся грамадзянскі працэс па заяве Міністэрства ўнутраных спраў, якое просіць прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы, размешчаныя на партале tut.by і ў яго акаўнтах у сацыяльных сетках. Працэс вядзе намеснік старшыні суда Цэнтральнага раёна па грамадзянскіх справах Таццяна Скапец. Інтарэсы tut.by прадстаўляе адвакат Марыя Анапольская.

Скапец задаволіла хадайніцтва МУС аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме ў сувязі з тым, што на ім будзе абнародаваная інфармацыя пра экстрэмісцкія матэрыялы. Пярэчанні адваката tut.by аб тым, што гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе, пад увагу прынятыя не былі.

На працэс не праводзілася акрэдытацыя СМІ, у будынак суда журналістаў прапускалі як слухачоў па пашпарце. За гадзіну да пачатку пасяджэння ўжо была ўстаноўленая рамка-металашукальнік пры ўваходзе ў залу пасяджэння і відэакамера, якая здымала тых, хто прыйшоў на грамадзянскі працэс. Асабістыя рэчы слухачоў і ўдзельнікаў працэсу даглядаліся двойчы — пры ўваходзе ў будынак і залу суда.

На суд прыйшло дзесяць чалавек, з іх пяць журналістаў.

Як паведамляецца на інфармацыйным стэндзе суда, зацікаўленымі асобамі прызнаныя ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” і Міністэрства інфармацыі.

У заяве МУС адзначаецца, што падчас маніторынгу інтэрнэту ў лютым гэтага года на партале і ў сацсетках былі знойдзеныя „матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь”, а пры іх аналізе „выяўленыя прыкметы экстрэмізму”.

Міністэрства накіравала матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 21 траўня яе заключэнне паступіла ў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

У заключэнні камісіі названыя ў якасці экспертаў прафесар кафедры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандр Іваноўскі і начальнік аддзела маўленчазнаўчых і эканамічных даследаванняў Дзяржкамітэта судовых экспертыз Таццяна Лапуніна.

Экспертнае заключэнне займае больш за 60 старонак, яшчэ каля 300 — дадаткі (у іх уваходзіць пералік вывучаных матэрыялаў). Прааналізаваны публікацыі за перыяд са жніўня 2020 па люты 2021 года.

Згодна з заключэннем камісіі, гаворыцца ў заяве МУС, „дзеянні інфармацыйнага рэсурсу tut.by па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду (урон) нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сферах і, такім чынам, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.

Камісія таксама палічыла, што ў размешчаных на tut.by матэрыялах утрымліваюцца „лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы, негатыўная ацэнка дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асоб, што выдзяляюцца па прафесійнай прыкмеце”.

У прадстаўленых матэрыялах у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, да іншых дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў, груп асоб і асобных асоб рэалізаваны стратэгія і тактыка дыскрэдытацыі, сцвярджае камісія. У агульным кантэксце ажыццяўляецца проціпастаўленне груп асоб, якія ўдзельнічаюць у пратэстным руху, і іншых груп, якія ўключаюць „дзейную ўладу”, „сілавікоў”. Гэта расцэнена экспертамі як спосаб распальвання сацыяльнай непрыязнасці або варожасці. Tut.by абвінавачваецца таксама ў тым, што „мэтанакіравана праводзіць самастойную рэдакцыйную палітыку”.

МУС просіць Мінінфарм уключыць матэрыялы партала ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйнай прадукцыі tut.by, люстраных версій сайта і аналагаў з іншымі URL-адрасамі.

18 траўня дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Затрымана 15 чалавек. Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстэркаў.

belapan.by