Суд па справе Уладзіміра Кондруся працягнецца 26 снежня



Уладзімір Кондрусь прайшоў псіхіятрычную экспертызу. На 26 снежня прызначанае судовае пасяджэнне па ягонай справе, паведаміла праваабаронцам маці абвінавачанага. Цяпер ён знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі на вул. Валадарскага ў Менску. Працэс па справе Кондруся пачаўся 16 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна. Мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту на плошчы Леніна 19 снежня 2010 года (арт. 293 КК). У першы дзень судовага пасяджэння Кондрусь увайшоў у залу суда і дэманстратыўна лёг на падлогу ў клетцы. Суддзя Святлана Бандарэнка зрабіла яму некалькі заўваг, але абвінавачаны не адрэагаваў на іх. Паводле слоў адваката Вадзіма Мушынскага, падсудны такім чынам выказваў пратэст. Потым яму выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі заявілі, што стан здароўя Кондруся здавальняючы. Пасля гэтага пасяджэнне працягнулася, аднак абвінавачаны паспрабаваў ускрыць сабе вены. Яго тэрмінова вывелі з залы суда. Суд прызначыў па справе псіхіятрычную экспертызу. Вынікі пакуль невядомыя. Калі эксперты выявілі парушэнні, суд можа праходзіць у закрытым рэжыме. Сам Кондрусь у любым выпадку не зможа прысутнічаць на пасяджэннях. Суддзя пастанавіла выдаліць яго да заканчэння працэсу за неналежныя паводзіны ў судзе. У такіх выпадках абвінавачаным дазваляюць прысутнічаць толькі на абвяшчэнні прысуду. Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня гэтага года. Увесь гэты час ён утрымліваўся ў следчым ізалятары № 1 Мінска, дзе абвясціў галадоўку. Пасля рэзкага пагаршэння стану здароўя і пераводу ў турэмны шпіталь абвінавачваны скончыў галадаць па рэкамендацыі лекара і па просьбах родных. Беларускія праваабаронцы прызналі Кондруся палітычным зняволеным і патрабуюць спынення крымінальнага пераследу і неадкладнага вызвалення мужчыны з-пад варты. У 2011 годзе за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках было асуджана 49 чалавек. Апошні з палітвязняў па гэтай справе — экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч — быў памілаваны ў жніўні 2015 года. Акрамя Уладзіміра Кондруся фігурантам гэтай справы застаецца экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, у дачыненні да якога справа неаднаразова прадаўжалася.

БелаПАН