Суд разгледзеў касацыйную скаргу журналісткі Тамары Шчапёткінай



Касацыйная скарга журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай з Бярозы не задаволена. А рашэнне Бярозаўскага суда засталося ў сіле. Суддзя Бярозаўскага суда Наталля Мінчанка пакарала журналістку штрафам 30 базавых велічынь за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя, што складае больш за 300 долараў.

Доўжылася адміністрацыйная справа ў Берасцейскім абласным судзе лічаныя хвіліны. Тамара Шчапёткіна выказала недавер суддзі Аляксандру Саўчуку, але безвынікова, і абрысавала сцэнар працэсу, які супаў адзін у адзін, кажа прысутная ў судзе кіраўнік Берасцейскай гарадской партыі “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка:

– Мяне, як грамадзянку Рэспублікі Беларусь, нашыя беларускія суды шакуюць. Я сама праходзіла праз іх, і я бачу, як адбываецца гэты працэс. Цягам трох хвілін пытанне было вырашана. І ўсё засталося без змен. Суддзя нават не ўнікаў у сутнасць справы. Бо, я думаю, быў дадзены загад зверху пакінуць усё без зменаў. А штрафы проста катастрафічныя.

Тамара Шчапёткіна віны не прызнае і не пагаджаецца  з судовым рашэннем. Чарговая інстанцыя, куды яна звернецца са скаргай –  Камітэт па правах чалавека ААН.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя