Суд стаў на бок маладзёнаў, якіх вінавацілі ў „непадпарадкаванні”



Апраўдальны вырак у адносінах да берасцейцаў Аляксандра Зехава і Сяргея Каляды абвясціла суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Раіса Лабачэўская. Хлопцаў вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, якія іх затрымалі ля кафэ “Казка” ў пачатку траўня.

Па словах Аляксандра Зехава, і гэта пацвердзілі вынікі медычнай экспертызы, іх моцна збілі міліцыянты:

– Я ўжо выходзіў, як міліцыянты мне сказалі, што завязуць нас у апорны пункт. Нас завезлі  і пачалося: Сяргея пачалі збіваць нагамі, мяне стукнулі ў твар, у мяне на ўвесь твар гематома, страсенне мозгу. Збітага ў кайданках мяне зачынілі ў клетку. Нават не выклікалі хуткую, хоць моцна круцілася галава і ванітавала. 

Зехава і Каляду збівалі і трымалі ў пастарунку на працягу ночы, а потым адпусцілі. Па-словах бацькоў, яны не маглі нармальна перасоўвацца, спаць і баяліся выклікаць хуткую. Цяперашняя справа адносна “непадпарадкавання” пэўна помста з боку міліцыі за тое, што хлопцы агалосілі гісторыю свайго збіцця ў СМІ. Аднак суддзя стала на бок сяброў, – лічаць грамадскія актывісты, якія назіралі за працэсам.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара