Судовыя выканаўцы могуць спісваць грошы з рахункаў за тэлефон і інтэрнэт
Судовыя выканаўцы могуць прымяняць да даўжнікоў у ліку іншых такія меры, як спісанне грошай з рахункаў за мабільную сувязь або за аплату інтэрнэт-паслугаў, заявіў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Паводле яго слоў, на сёння «актыўна прымяняюцца меры па спісанні ў даўжнікоў грашовых сродкаў, якія выплачваюцца ў плане папярэдняй аплаты за паслугі сотавай сувязі».
Таксама Мінюст актыўна супрацоўнічае з ДАІ. „Калі сума доўгу з’яўляецца значнай, то ўжываем такія меры, як канфіскацыя транспартнага сродку”, — паведаміў Сліжэўскі.
Акрамя таго, у 2016 годзе Міністэрства юстыцыі плануе заключыць пагадненне з Міністэрствам сувязі і камунікацый, каб мець магчымасць прымянення такой меры да даўжнікоў, як нявыдача паштовых адпраўленняў.
Што тычыцца зняцця грошай за перадаплату інтэрнэт-паслуг, то, адзначыў Сліжэўскі, „некаторыя пагадненні” для гэтага ўжо складзеныя. „Гэтыя меры пачынаюць выкарыстоўвацца, але пакуль не атрымалі шырокага распаўсюджвання”, — сказаў ён.
„Выкарыстанне такіх мер, як арышт на аўтамабілі, адключэнне інтэрнэту, спагнанне сродкаў з аплаты мабільнай сувязі, залежыць ад сумы доўгу. Калі яна вялікая, працуюць з тым, што ўяўляе значную каштоўнасць. Калі сума невялікая, то можна зняць грошы за інтэрнэт і мабільную сувязь. Тут падыход павінен быць дыферэнцыраваным”, — адзначыў Сліжэўскі.
Адзначым, што цяпер на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі ў тэставым рэжыме працуе рэестр даўжнікоў. Каб даведацца, ці з’яўляецца чалавек даўжніком, неабходна ўвесці прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама ідэнтыфікацыйны нумар. Працу па фарміраванні базы міністэрства плануе скончыць ў 2016 годзе.
БелаПАН
