Судовыя выканаўцы наклалі абмежаванні на маёмасць Рыгора Кастусёва



Сваеасаблівым чынам адзначылі дату трыццацігоддзя стварэння аргкамітэту БНФ судовыя выканаўцы. Аддзел прымусовага выканання Шклоўскага раёна 19 кастрычніка наклаў абмежаванні на маёмасць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва дзеля забесьпячэньня аплаты штрафа за Курапаты, які насамрэч быў ужо даўна сплачаны.

Як паведаміў Рыгор Кастусёў прэс-службе Партыі БНФ, 19 кастрычніка ён атрымаў па пошце цэлы пакет дакументаў, звязаных з адміністрацыйнымі штрафамі, якімі палітык быў пакараны ў час сёлетніх пратэстаў у Курапатах. У тым ліку Рыгору Кастусёву была дасланая позва і пастанова аб накладанні абмежаванняў на маёмасць у выглядзе забароны ажыццяўлення рэгістрацыйных дзеянняў у дачыненні да аўтамабіля і гаража, якія належаць старшыні БНФ.

– Я быў здзіўлены, атрымаўшы з суда Шклоўскага раёну паведамленне пра ўзбуджэнне выканаўчай вытворчасці па штрафах за курапацкую варту. Справа ў тым, што ўсе штрафы па сёлетніх адміністрацыйных спагнаннях у мяне слочаныя. Нягледзячы на гэта, судовыя выканаўцы вынеслі ў мой адрас пастанову пра накладанне арышту на аўтамабіль і гараж. Мне давялося ў дзень трыццацігоддзя БНФ займацца камунікацыяй паміж судамі ў Менску, якія выносілі пастановы пра штрафы, і судовымі выканаўцамі тут у Шклове, якія наклалі абмежаванні на маю маёмасць дзеля спагнання грошаў у лік штрафа. Я разглядаю гэтыя дзеянні судовай улады  як дробную помсту за пададзеную мною ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на выкарыстанне адміністратыўнага пераследу як сродку абмежавання свабоды сходаў у Беларусі. Гэтая скарга была ў мінулым месяцы мною пададзеная пры дапамозе юрыстаў правабарончага цэнтру “Вясна”, – сказаў Рыгор Кастусёў.

Як падкрэсліў старшыня Партыі БНФ, аплата штрафа была здзейсненая ім пасля праходжання працэдуры судовага абскарджвання адміністратыўнага спагнання ў Менскім гарадскім судзе. Абскарджванне ў судзе другой інстанцыі з’яўляецца неабходным этапам дзеля вычарпання ўсіх сродкаў прававой абароны на нацыянальным узроўні дзеля далейшага зварота ў міжнародныя інстанцыі. 

Як паведаміў лідар Партыі БНФ, накладанне абмежвання на распараджэнне аўтамабілям і неабходнасць тэрміновых захадаў для прадухілення незаконных дзеянняў судовых выканаўцаў стварыла перашкоды для яго ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да трыццацігоддзя БНФ.

Згодна з артыкулам 15.4 працэсульна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, у выпадку дабраахвотнага выканання пастановы аб штрафе цягам месяца з моманту ўступлення ў сілу пастановы выканаўчая вытворчасць па прымусовым спагнанні ўзбуджацца не павінная. 

Нагадаем, што 4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь штрафу (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова “Поедем-поедим”. Напярэдадні лідар БНФ быў брутальна затрыманы спецаддзелам міліцыі на шляху да менскага аэрапорта, што пазбавіла яго магчымасці выступіць на канфэрэнцыі ў польскім Сэйме. Па факце абмежавання свабоды сходаў старшыня БНФ падаў паведамленьне ў Камітэт ААН па правах чалавека.