Судовыя выканаўцы пагражаюць арыштаваць маёмасць Віталя Рымашэўскага



Судовыя выканаўцы пагражаюць сустаршыні Беларускай хрысціянская дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму накладаннем арышту на маёмасць за ўдзел у пікеце ля Менскага гарадскога суда. Пікет адбыўся ў жніўні і праходзіў у падтрымку маці зніклага міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі – Ульяны. На Віталя Рымашэўскага быў складзены пратакол, але пасля ніякіх позваў ён не атрымліваў.

– Гэта ўжо не першы раз, трэба адзначыць, да 25 сакавіка гэтак жа сама я не атрымліваў ніякую позву ў суд, але пра той штраф, які быў накладзены на мяне, я даведаўся толькі ад судовага выканаўцы, які патрабаваў вельмі хутка яго сплаціць – цягам тыдня. І вось сітуацыя паўтараецца. Гэта сведчыць пра тое, што па-сутнасці беларускія ўлады жывуць «па паняціям». Апроч «карцінкі» для Захаду пра лібералізацыю, ніякіх іншых зменаў у Беларусі не адбываецца. Нават у рамках перадвыбарчых пікетаў складаюцца пратаколы на іх удзельнікаў, выпісваюцца штрафы, нават без выклікаў у суд. Яны ўжо лічаць гэта фармальнасцю.

Нядаўна ў Менску адбыўся суд над Віталём Рымашэўскім. Яго судзілі за арганізацыю акцыі 7 лістапада каля будынка КДБ, нагадвае сайт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя