Суды над прафсаюзнымі актывістамі ў Полацку (абноўлена)



Суд у дачыненні да прафсаюзных актывістаў адбыўся 16 траўня. Міколе Шараху прысудзілі штраф у 30 базавых велічынь (6 300 000 бел. руб.) Віктару Стукаву 25 б.в. (5 250 000бел. руб.), пра гэта ён паведаміў у Фэйсбуку. Рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу і будзе апратэставана ў Віцебскім судзе. Канчатковае рашэнне суда будзе вядома ў канцы чэрвеня 2016 года.

* * *

У Полацкім раённым судзе разглядаюцца адміністрацыйныя справы ў дачыненні да намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза беларускага Міколы Шараха і кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюза на вытворчым аб’яднанні “Полацк-Шкловалакно” Віктара Стукава. Абодвух вінавацяць у правядзенні несанкцыянавага пікета. Судовыя паседжанні прызначылі ў адзін дзень і адзін час. Кажа Мікола Шарах:

— 16 траўня а 10-й, толькі ў іншага суддзі. Не ў таго, што ў Стукава. Вось так «выпадкова» супала, каб група падтрымкі раздзялілася і не ведалі, у які кабінет ісці.

Пікет, за які судзяць прафсаюзных актывістаў, адбыўся ў Полацку 28 красавіка. Удзельнікі пікета пратэставалі супраць звальнення з прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» Міколы Шараха. Пасля акцыі два чалавекі ў цывільным гвалтоўна затрымалі спадара Міколу і даставілі ў міліцыю, дзе на яго склалі два пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі і несанкцыянаванае пікетаванне. На наступны дзень пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне склалі і на Віктара Стукава.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]