Суды над удзельнікамі Свіслацкага фэсту працягваюцца



15 снежня а 10-й гадзіне ў гарадзенскім Ленінскім раённым судзе пройдзе разгляд трох адміністрацыйных спраў супраць грамадскіх актывістаў Сяргея Верамеенкі, Віктара Сазонава ды Уладзіміра Хільмановіча.

Падставай адміністрацыйнага разгляду стаў іх удзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце паўстанцаў 1863 году. Свята Паўстанцаў штогод праходзіць у Свіслачы Гарадзенскай вобласці ў прысутнасці міліцыянтаў.

Пра працэсуальныя парушэнні кажа абвінавачаны праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Я дакладна магу сцвярджаць, што ніводнага папярэджання работнікі міліцыі і работнікі спецслужбаў людзям не зрабілі. Ніхто ім не сказаў, што яны нешта парушаюць, альбо, што яны сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства. Хоць мы ведаем, што прысуды вырашаюцца да судоў, і гэта ніяк не паўплывае, але тым не менш гэта будзе сказана і гэта будуць мае патрабаванні, каб суды звярнулі ўвагу на такія паводзіны тых, хто складае пратаколы. Дзе яны былі, калі бачылі парушэнні? Чаму яны не спынілі адразу? 

Супраць грамадских актывістаў складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па частцы 3 артыкула 23.34 (парушэнне парадку аб правядзенні масавых мерапрыемстваў) .

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя