Шэраг новых прысудаў за абразу прадстаўнікоў улады і сілавікоў
Суды ў рэгіёнах вынеслі шэраг прыгавораў за абразы і пагрозы на адрас прадстаўнікоў улад і праваахоўных органаў.
Як паведамляе Генеральная пракуратура, вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 29-гадовага жыхара Полацкага раёна. Мужчыну інкрымінавалася ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 КК (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 366 КК (пагроза гвалтам у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Падчас судовага разбору ўстаноўлена, што з кастрычніка 2019 года па ліпень 2020 года ён „размяшчаў у інтэрнэце каментары з заклікамі да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама абразы ў адрас кіраўніка дзяржавы”. Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова.
Па сукупнасці злачынстваў суд прызначыў мужчыну пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прысуд за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі вынесены 30-гадовай жыхарцы Стоўбцаў (Менская вобласць). Адзначаецца, што абвінавачаная 15 лістапада 2020 года ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” размясціла абразлівы каментар.
Суд Стаўбцоўскага раёна на падставе ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі на адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны жыхар Бялыніцкага раёна (Магілёўская вобласць). Мужчына пакінуў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” каментар. У судзе мужчына растлумачыў, што прачытаў артыкул пра Лукашэнку і каментары іншых карыстальнікаў у групах у „Тэлеграме”. Паддаўшыся эмоцыям, ён пакінуў сваё „абразлівае меркаванне” пра Лукашэнку: размясціў калаж, створаны пры дапамозе „Фоташопа”, на сцяне старонкі „УКантакце”.
За публічную абразу намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова (арт. 369) 42-гадовы жыхар Віцебска асуджаны на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 16 студзеня 2021 года са свайго ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” ён размясціў „абразлівыя каментары да публікацыі аб выкананні пацярпелым сваіх службовых абавязкаў”, паведамляе пракуратура.
Ва ўсіх асуджаных у даход дзяржавы канфіскаваныя мабільныя тэлефоны.
