Судзяць блогера Шапарава



У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаецца пазоў у дачыненні да блогера Арцёма Шапарава.

Дырэктар школы №3 Ніна Старажэнка намагаецца спагнаць з гамельчука 5 тысяч беларускіх рублёў маральнай кампенсацыі. Кіраўніца навучальнай установы лічыць, што ў некалькіх відэароліках, якія змантаваў блогер, была нанесеная шкода яе дзелавой рэпутацыі і годнасці. У прыватнасці, гаворка ідзе пра калаж, на якім дырэктар прадстае ў вайсковым кіцелі з прыкметамі формы афіцэра СС. Арцём Шапараў перакананы, што ў пазоўнікаў няма важкіх аргументаў для перамогі.

Арцём Шапараў:

– Увогуле я збіраюся гэты суд выйграць. У пазоўнікаў вельмі слабая пазіцыя. Калі не ў гэтым судзе, то я дайду да Вярхоўнага суда. Што датычыцца “карцінкі” (калажа з дырэктарам), то я заявіў, што гатовы яе прыбраць. Калі б яна выбачылася перад шматдзетнай маці, а потым папрасіла мяне прыбраць карцінку, я б гэта зрабіў.

Справа ж не ў карцінцы, а ў змесце роліка, згодна якому любы чыноўнік з сацслужбаў можа ўмяшацца ў прыватнае жыццё.

Падтрымаць Арцёма Шапарава прыйшлі пару дзясяткаў чалавек. Сярод іх – блогер Віктар Рубцоў.

Віктар Рубцоў:

– Я прыйшоў падтрымаць Арцёма. Перакананы, што ролік быў неабходны, паколькі праблема закранае ўсё грамадства. Проста людзі маўчаць, бо справа датычыць іх дзяцей. Калі і павінны кагосьці судзіць, то, на маю думку, дырэктара. А чамусьці вінаватым аказаўся Арцём.

Гамяльчук Арцём Шапараў з’яўляецца аўтарам шэрагу рэзанансных сацыяльных ролікаў пра прэзідэнцкі Дэкрэт №18. У адным з відэа блогер асвятляў сітуацыю маці-адзіночкі Антаніны Шайнюк, якая выхоўвае чатырох дзяцей. У маі гэтага года дырэктар школы №3 Ніна Старажэнка страшыла жанчыну пастаноўкай яе сям’і на ўлік, калі яна не пераклеіць шпалеры і не прыбярэ з кватэры хворага на анкалогію сабаку.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]