Судовае пасяджэнне па справе Арцёма Сізінцава працягнецца 24 верасня (абноўлена)



Незалежны журналіст, які супрацоўнічае з нашым «Беларускім Радыё Рацыя», быў затрыманы шостага верасня ў Менску на вуліцы Чабатарова. У гэты час там рухалася калона пратэстоўцаў, а Арцём знаходзіўся ў гэтым месцы, маючы рэдакцыйнае заданне.

Пры затрыманні ён паведаміў сілавікам, што ён журналіст, тым не менш да восьмага верасня яго пратрымалі ў жодзінскім ізалятары. Сёння, 16 верасня, яго справу разглядаў суд у Жодзіне – кажа Арцём Сізінцаў:

– Справу па маім пратаколе за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пачалі разглядаць яшчэ ў ізалятары. Гэта яшчэ было 8 верасня. Першае пасяджэнне адбылося толькі ў прысутнасці трох чалавек- суддзі Кубіцкай, сакратара і мяне. Тады мне была ўручаная позва на суд 16. Мае інтарэсы бараніў адвакат, але і другое пасяджэнне прысудам не скончылася. На гэты раз справу вядзе суддзя Ганна Мукавозчык, сведкі- супрацоўнікі міліцыі, якія стаялі ў пратаколе ў мяне і ў дзясятка іншых затрыманых 6 верасня, на суд не з’явіліся.

Арцём кажа, што не быў супраць разгляду справы і без прысутнасці сведак з шэрагу праваахоўнікаў, паколькі відавочна, што ўсе пратаколы «штампаваліся» ў адзін час, а прыход у суд чалавека ў балаклаве, які можа пры гэтым назвацца чужым прозвішчам, на разгляд ніяк не паўплывае:

– Калі б суды былі справядлівымі, яны б сумняваліся, што пару супрацоўнікаў міліцыі здольныя запомніць твар, адзенне, дзеянні сотні чалавек адразу. Тым не менш судом было прынятае рашэнне пра працяг разгляду маёй справы.

Арцём Сізінцаў абвінавачваецца паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34, што азначае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства. Нібыта журналіст быў удзельнікам вулічнай масавай акцыі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

***

Арцёма Сізінцава судзяць у Жодзіне. Незалежны журналіст, які супрацоўнічае з нашым «Беларускім Радыё Рацыя», 8 верасня быў часова вызвалены з жодзінскага ізалятара.

16 верасня Арцём Сізінцаў а 9-ай гадзіне мае з’явіцца ў суд на разгляд адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 КаАП. Журналіста вінавацяць ва ўдзеле ў масавай вулічнай акцыі, хаця падчас затрымання ён тлумачыў сілавікам, што выконвае прафесійныя абавязкі.

Арцём Сізінцаў распавёў пра сваё затрыманне, якое адбылося 6 верасня ў Менску:

«Гэта быў традыцыйны Марш за незалежнасць, я на ім працаваў. Супольна вырашылі ў рэдакцыі, што трэба сачыць за ім ад пачатку калоны – у Заводскім раёне. Таму я адправіўся туды, пачаў асвятляць падзеі з месца для радыё. Мы рухаліся з калонай, на вуліцы Чабатарова, гэта ў Трактаразаводскім пасёлку, нас узялі ў кола і затрымалі практычна ўсіх. Я паведаміў, што я журналіст, што знаходжуся пры выкананні абавязкаў. Але для ўсіх быў аднолькавы артыкул. Пратаколы як пад капірку, толькі імёны і прозвішчы для кожнага свае» – распавёў журналіст.

Беларускае Радыё Рацыя