Супраць смяротнага пакарання – штраф



Гамельчука Мікалая Пяшко пакаралі штрафам за пікет супраць смяротнага пакарання. Суддзя Цэнтральнага раённага суда Сяргей Кармановіч абвесціў прысуд актывісту – 20 базавых штрафу.

Паводле Мікалая Пяшко, ягоны пратэст супраць расстрэлаў – гэта прынцыповая пазіцыя.

– Падалі заяўку на правядзенне пікета супраць смяротнага пакарання, але нам адмовілі. Я вырашыў, нягледзячы на тое, што нам адмовілі, выйсці на вуліцу горада каля новага ўнівермага, раздаць кніжачкі. Мы зрабілі фотаздымак. І Леанід Судаленка выклаў яго на інфармацыйны партал «Вясна». Пасля мне патэлефанаваў участковы і сказаў, каб я зайшоў у Цэнтральны РАУС для складання пратакола.

Падставай для адміністрацыйнага пераследу Мікалая Пяшко стаў ягоны ўдзел у пікеце супраць смяротнага пакарання, які прайшоў 9 жніўня ў цэнтры Гомеля. У межах пікета актывісты распаўсюджвалі тэматычныя ўлёткі і кнігі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота Ларысы Шчыраковай