Супраць Зміцера Бекалюка завялі крымінальную справу



Частка другая артыкула 380 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або «Падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў» – такая справа ў адносінах да з аднога з лідараў пратэсту супраць акумулятарнага заводу Зміцера Бекалюка пачата ў Берасці.

Сам Зміцер Бекалюк не каментуе сітуацыю для нашага радыё, паколькі мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Некалькі дзён таму, 18 траўня, у грамадскага дзеяча прайшоў ператрус.

Крымінальная справа заведзена на падставе праверкі, якую вяла абласная пракуратура на прадмет нібыта выкарыстання грамадзянамі фіктыўных камандзіровачных пасведчанняў пры праходжанні памежнага кантролю на ўезд у Беларусь. Сілавыя структуры ў першую чаргу цікавіла, чаму Зміцер Бекалюк так часта ездзіць за мяжу.

Адная з самых вядомых падзей з удзелам грамадскага дзеяча – гэта сустрэча 22 чэрвеня мінулага года з Аляксандрам Лукашэнкам. На ёй кіраўнік краіны паабяцаў лідару пратэстаў правядзенне рэферэндуму ў пытанні АКБ, але ён так і не адбыўся.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце