Супрацоўніка менскага АМАПа затрымалі па крымінальным артыкуле
Былога інспектара аддзела спецпадрыхтоўкі менскага АМАПа Эдуарда Пестрака затрымалі па крымінальным артыкуле. Пра гэта паведаміла выданне «Наша Нiва». Інфармацыю Zerkalo.io пацвердзіў знаёмы Эдуарда.
Па дадзеных выдання цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён быў затрыманы па артыкуле «Акт тэрарызму», па якім прадугледжана пазбаўленне волі тэрмінам ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне (залежыць ад таго, па якой частцы гэтага артыкула КК прад’явяць абвінавачванне).
Мама і жонка Эдуарда адмовіліся размаўляць з журналістамі.
Эдуард Пестрак нарадзіўся ў 1983 годзе. У менскай міліцыі ён служыў з 2007 года. Спачатку працаваў у Дэпартаменце аховы, з 2009 года – у АМАПе. Быў вадзіцелем, потым начальнікам аддзялення, інспектарам па прафесійнай падрыхтоўцы. Пестрак займаўся баявой падрыхтоўкай супрацоўнікаў – ён сам валодае рукапашным боем, займаўся кікбоксінгам і ММА. Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», затрыманне адбылося на момант службы, у ім прымалі ўдзел яго вучні. Пестрака звольнілі заднім чыслом.
