Супрацоўнікі АБЭЗ наведалі офіс кампаніі „Цесляры”



У офісе мэблевай кампаніі „Цесляры” індывідуальнага прадпрымальніка і палітыка Дзмітрыя Дашкевіча некалькі гадзін знаходзіліся супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ) МУС.

Супрацоўнікі АБЭЗ не паказалі дакументы, якія даюць ім права праводзіць агляд памяшкання. Яны папрасілі паказаць чэкі на матэрыялы, з якіх вырабленыя крыжы.

Зараз супрацоўнікі (АБЭЗ) МУС пакінулі офіс і цэх мэблевай кампаніі. Пра гэта Дашкевіч паведаміў падчас відэатрансляцыі ў „Фэйсбуку”.

Дашкевіч адзначыў, што праваахоўнікаў цікавіў толькі брус, з якога зробленыя крыжы для ўрочышча Курапаты.

Пры аглядзе мэблевага цэха прысутнічаў адвакат Аляксандр Галіеў і праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Абодва яны сцвярджаюць, што з дакументамі, якія даюць права на агляд памяшкання, у супрацоўнікаў АБЭЗ „былі праблемы”.

„Яны паехалі, а мы пакуль што працуем, робім мэблю і крыжы”, — рэзюмаваў Дашкевіч.

Раніцай 29 чэрвеня па дарозе ва ўрочышча Курапаты былі затрыманыя трое актывістаў — Зміцер Дашкевіч, Ягор Лаўрухін і Валерый Мінец. Яны везлі тры сяміметровыя драўляныя крыжы для ўстаноўкі каля рэстарана „Поедем поедим”, блізу якога праводзіцца пікетаванне. Пазней актывістаў з міліцыі адпусцілі, крыжы ім не вярнулі.

Адразу пасля вызвалення Дашкевіч меў намер паехаць у Курапаты, аднак атрымаў паведамленне аб з’яўленні ў офісе „Цесляроў” супрацоўнікаў АБЭЗ і паехаў туды.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа