Naviband вярнуліся ў Менск



14 траўня ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» прызямліўся рэйс з Кіева. На ім вярнуліся на радзіму беларускія ўдзельнікі «Еўрабачання-2017» – гурт NaviBand.

Напярэдадні Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук па выніках галасавання занялі 17-е месца ў фінале «Еўрабачання». У аэрапорце NaviBand сустракалі іх родныя, прыхільнікі і журналісты.

«Мы рады, што выйшлі ў фінал, праспявалі на беларускай мове, і нават маглі трохі «пафрывольнічаць» і крыху змяніць нумар», – распавялі музыкі сустракаючым журналістам.

Арцём і Ксенія таксама адзначылі, што адчувалі падтрымку беларусаў. «Кожны дзень нам дасылалі відэа, дзе нашу песню спявалі ў нейкіх кафэ, школах і гэтак далей», – патлумачыла Ксенія.

Яны таксама распавялі і пра пацалунак у канцы нумара. «Некалькі гадоў таму мы дамовіліся, што пацалуемся на сцэне «Еўрабачання». І мы зрабілі гэта».

Музыкі NaviBand сказалі, што вельмі рады таму факту, што конкурс «Еўрабачанне» адыходзіць ад фармату шоў да сапраўднай музыкі. «І перамога партугальца – прамы доказ», – дадаў Арцём.

 

У бліжэйшы час музыкі маюць намер запісаць новы альбом і выступаць з канцэртамі. Найбліжэйшы канцэрт адбудзецца 3 чэрвеня каля Ратушы ў Менску. Таксама NaviBand чакаюць з канцэртамі ва Украіне.

Паводле tut.by