Свабоду Майсею Мазько!



Берасцейцы, якія падтрымліваюць затрыманага праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Майсея Мазько, заклікаюць да салідарнасці.

Яны запусцілі кампанію ў падрымку актывіста ў якой просяць неабыякавых людзей змяшчаць партрэтны фотаздымак з тэкстам „Свабоду Майсею Мазько” ў сваіх акаўнтах. „Мэта – надаць галоснасці гэтай справе. Бо інакш, такая сітуацыя можа напаткаць кожнага”, – паведамляюць актывісты. Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Ужо другі год запар цягнуцца пратэсты супраць акумулятарнага заводу, супраць яго запуску. Майсей адзін з актыўных людзей, якія супрацьстаяць гэтай небяспецы нашаму рэгіёну. Бачым, што на працягу ўсяго гэтага часу, то адных затрымліваюць, то другіх, то трэціх. На маю думку, проста шукаюць ключавое звяно, кіраўніцтва гэтага руху.

2-га красавіка а 15:30 каля берасцейскага прадмесця Гершоны супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, за стырном якога знаходзіўся Майсей Мазько. Пад час праверкі аўто былі знойдзены рэчы падобныя да боепрыпасаў. Майсей адразу заявіў, што яны яму не належаць і ўся гэта сітуацыя падобная да правакацыі. Зараз ён знаходзіцца пад вартай у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця. Следчы камітэт накіраваў рэчы на экспертызу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце