Сваякі асуджаных за наркотыкі правялі ў Менску пікет



Каля двух дзясяткаў сваякоў асуджаных па крымінальных артыкулах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, і актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) правялі 11 сакавіка ў Мінску пікет за судовую рэформу ў Беларусі.

Пікет прайшоў у сталічным скверы Адама Міцкевіча каля следчага ізалятара № 1 (так званая Валадарка) у рамках агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Менгарсавета члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі і актывісткі БХД Таццяны Усіновіч.

У сваякоў асуджаных па „наркатычных” артыкулах, пераважна па арт. 328 Крымінальнага кодэкса, розныя гісторыі, але іх аб’ядноўвае тое, што ўсе яны лічаць прызначаныя сваім блізкім тэрміны зняволення празмерна доўгімі. Так, аршанка Таццяна Рудакова расказала журналістам, што яе сына, 18-гадовага выпускніка кадэцкага вучылішча Дзмітрыя Рудакова, асудзілі на 9 гадоў пазбаўлення волі за незаконны абарот наркатычных сродкаў, нават не знайшоўшы ніякіх забароненых рэчываў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі другога чалавека, які заявіў, што набыў наркотыкі ў Рудакова. Пасля ён адклікаў свае паказанні, але на рашэнне суда гэта ніяк не паўплывала, і Рудакова прызналі распаўсюджвальнікам.

Як маці, я не веру, што ён вінаваты, але калі і вінаваты, то не даваць жа такія тэрміны тым, хто трапіў у такую сітуацыю ўпершыню, — сказала Таццяна Рудакова. — У яго станоўчая характарыстыка з вучыльшча. Ужо паўгода ён сядзіць у СІЗА Віцебска, праз два тыдні павінны кудысьці перавесці. У ізалятары да тых, хто праходзіць па гэтым артыкуле, фактычна прымяняюць катаванні — ставяць на расцяжку, прымушаюць гуляць па дзве гадзіны на марозе. Яны носяць адметныя зялёныя нашыўкі, да іх другія адносіны. Спяць у дзве змены, маладыя ноччу амаль не спяць„.

Брэстаўчанка Джэсіка Цыдвінцава дамагаецца скарачэння тэрміну зняволення для свайго брата Эрнэста Каралюка, якога асудзілі нібыта за распаўсюджванне наркатычных сродкаў на 10 гадоў. Пазней прыгавор па рашэнні Вярхоўнага суда быў скарочаны да 8,5 года. „Мы не выступаем за адмену артыкула 328, але хочам, каб тэрміны былі гуманныя. Суды першай інстанцыі і апеляцыйныя суды нічога не вырашаюць, людзі пасля следства чакаюць толькі рашэння Вярхоўнага суда, які сапраўды ўнікае ў справы. <…> Мы хацелі б заклікаць нашы суды перагледзець сістэму, якой яны прытрымліваюцца цяпер. У нас за спінай знаходзяцца людзі, якія яшчэ вераць у правасуддзе. Трэба ў першую чаргу думаць пра нашых грамадзян, пра тых, хто ўчыніў злачынства, але не заслугоўвае такіх вялікіх тэрмінаў„, — сказала Цыдвінцава.

Адказны сакратар БХД і давераная асоба Усіновіч на мясцовых выбарах Дзяніс Садоўскі адзначыў, што „праблема несправядлівых судоў, якія вырашаюць справы па тэлефонным званку” закранула мноства людзей па ўсёй краіне.

Сотні і тысячы маладых хлопцаў па надуманых прычынах садзяць на 5, 10 і больш гадоў, — сказаў ён. — Гэтую практыку трэба спыніць. Трэба, каб суды былі па-сапраўднаму незалежнымі, каб не было тэлефоннага права. Патрэбны перагляд спраў па такіх артыкулах, каб судовая сістэма і праваахоўныя органы займаліся рэальнымі злачынцамі, а не проста заключэннем маладых хлопцаў дзеля статыстыкі аб барацьбе з гэтай сур’ёзнай праблемай”.

Садоўскі адзначыў, што актывісты БХД разам з прадстаўнікамі ініцыятывы „Наша права” распрацавалі шэраг прапаноў па правядзенні судовай рэформы ў Беларусі. У прыватнасці, рэкамендуецца ўвесці сістэму выбарнасці суддзяў; развіваць спецыялізацыю судоў; замяніць інстытут народных засядацеляў судом прысяжных; разглядаць справы аб цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах судзейскай калегіяй; стварыць сістэму апеляцыйных і касацыйных судоў; перадаць Следчы камітэт у юрысдыкцыю Генеральнай пракуратуры, а МУС зрабіць грамадзянскім ведамствам; надаць адвакатуры рэальную незалежнасць; рэфармаваць пенітэнцыярную сістэму з улікам міжнародных стандартаў і замежнага вопыту.

Гэтыя прапановы ляглі ў аснову калектыўнага звароту, у падтрымку якога грамадскія і палітычныя актывісты збіраюць подпісы ўжо каля месяца. Дакумент плануецца накіраваць у парламент, урад, Адміністрацыю прэзідэнта, Генпракуратуру, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды і іншыя дзяржаўныя органы.  БелаПАН

Фота:http:bchd.info

[manual_related_posts]