Сваякі гарадзенскага палітвязня пачалі галадоўку (абноўлена)



Сям’я Фурманава распачала галадоўку пад сценамі ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яны збіраюцца сядзець суткі, а потым прыходзіць кожны вечар па дзве гадзіны. Сваю падтрымку Фурманавым прыходзяць аказаць розныя людзі: яны прыносяць кветкі, прапануюць дапамогу. Словы падтрымкі прыйшла выказаць і Вольга Севярынец.

Фурманавы абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання Змітра Фурманава, а таксама іншых палітвязняў па артыкуле 342 КК.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Маці і жонка палітвязня Змітра Фурманава маюць намер ад сёння, 26 ліпеня, распачаць бестэрміновую галадоўку. Пра гэта яго сям’я паведаміла ў відэазвароце.

Фурманаў, 35-гадовы жыхар Гародні, ужо два месяцы знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага. Ён быў рэгіянальным каардынатарам штабу Святланы Ціханоўскай. Фурманава затрымалі 29 траўня падчас збору подпісаў разам з блогерам, мужам кандыдаткі Сяргеем Ціханоўскім. Фурманава абвінавацілі ў «арганізацыі групавых акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Гаворыць бацька Змітра Аляксандр Фурманаў, сам ён не будзе галадаць па стане здароўя, бо з’яўляецца інвалідам II групы:

– Наша патрабаванне – неадкладна вызваліць Змітра Фурманава і такіх, як ён палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў СІЗА №1, і спыніць на іх крымінальныя справы. Спадзяюся, што мы будзем пачутыя, нас зразумеюць, а таксама спадзяюся на падтрымку бацькоў такіх жа палітычных зняволеных, як наш сын, а таксама іншых неабыякавых людзей. Падтрымаць нас можна сумесным удзелам у дадзенай акцыі альбо заявай у падтрымку пратэстаў галадоўнікаў.

Пра галадоўку кажа Вольга, дзяўчына Змітра Фурманава:

– Аб’яўляем галадоўку, каб дамагчыся праўды, каб выпусцілі Змітра Фурманава ды іншых палітычных зняволеных. Таму што зараз яны ўтрымліваюцца незаконна ўжо амаль два месяцы. Магчыма, будуць працягваць далей. Нічога не робіцца, расследаванне ідзе незразумела, то ідзе, то не ідзе.

Па словах Вольгі, кантакт са Змітром адбываецца толькі праз лісты, і сям’я больш не валодае ніякай інфармацыяй:

– Піша лісты, сядзіць, яго там кормяць, па ўмовах быццам не так усё і дрэнна, але ўсё адно яго трымаюць там. Калі дваіх гарадзенскіх хлопцаў выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яны сядзяць, але яны дома. Чаму Змітра нельга выпусціць, чаму астатніх нельга выпусціць? Але ўвогуле лепш выпусціць усіх і закрыць крымінальную справу. Наша патрабаванне – закрыць крымінальную справу і выпусціць усіх неадкладна.

Пра сваю галадоўку сям’я паведаміла ва ўсе магчымыя беларускія інстанцыі, а таксама ўзялі даведку, што не знаходзяцца на ўліку ў псіхлякарні.

Сямʼя Фурманава  мае намер распачаць галадоўку пад сценамі ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча