Свінарнік на 55 тысяч галоў з’явіцца на Слонімшчыне
У наступным годзе каля вёскі Шыганы Слонімскага раёна на плошчы 5,5 тысяч гектараў цалкам будзе пабудавана і пачне дзейнічаць у поўную моц аграпрадпрыемства на 55 тысяч галоў у год ці 6 тысяч тон свініны ў жывой вазе.
Гэты вялікі праект на Слонімшчыне рэалізуе беларуска-дацкае прадпрыемства «Белдан». Пра гэта журналістам паведаміў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.
Інвестар плануе ўкласці ў аграпрадпрыемства каля 32 мільёнаў еўра. На гэтыя сродкі будзе пабудавана 8 свінарнікаў і 7 іншых памяшканняў. Прадпрыемства плануе выпускаць беконную свініну першай катэгорыі. Ужо праз месяц пад Шыганамі пачнуць гадаваць свіней. Спецыялісты ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе напісалі, што свінарнік на 55 тысяч галоў шкоды слонімскай зямлі і людзям не прынясе. Толькі самі жыхары Слонімшчыны ў гэтым сумняваюцца.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
