Свінцовая варта працягваецца



У свабоднай эканамічнай зоне „Брэст” каля прахадной завода АКБ „АйПаўэр” актывісты працягваюць несці „свінцовую варту”.

 

Нядзельная сустрэча з кіраўніком Берасця Аляксандрам Рагачуком не паўплывала на іхнія планы, бо завод хоць і ў тэставым рэжыме, але працуе:

– Пасля сустрэчы будзе ціха. Але вось цікава, чым нам пагражае аўторак. Гэта ж 11-е чысло, мы ўсе яго чакаем. Будзе падпісаны гэты акт, не будзе? І наогул, на колькі можна адкладаць пуска-наладку? А ў гэты час ідуць выкіды. Быў выпадак, калі затрымалі фуру нібыта з прадукцыяй.

Некаторыя з актывістаў спадзяюцца на прыезд следчай групы, пра візіт якой яны прасілі Аляксандра Рагачука на сустрэчы з ім:

– Каб у гэты самы час, калі Рагачук дакладзе Лісу, а ён ужо гэта зрабіў, каб завод быў апячатаны, каб на завод прыехала следчая група, каб пачалося следства па свежых слядах, і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Улады Берасця ў мінулую нядзелю пайшлі на дыялог з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Пасля традыцыйнай нядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” усіх прысутных, а гэта каля двухсот чалавек, запрасілі на сустрэчу з Аляксандрам Рагачуком. Размова была гучнай, людзі патрабавалі закрыцця альбо перапрафілявання вытворчасці. Таксама на 12 чэрвеня прызначана падобная сустрэча з кіраўніком вобласці Анатолем Лісам. Некаторыя з праціўнікаў заводу не выключаюць, што спробы дыялогу звязаныя альбо з маючымі адбыцца Еўрапейскімі гульнямі, альбо з выбарамі, альбо са святкаваннем 1000-годдзя Берасця. Незадоўга да сустрэчы ў публічны доступ трапіў і дакумент мясцовай прыродааховы, скіраваны да мясцовых уладаў, пра тое, што нават у тэставым рэжыме некаторыя параметры працы заводу могуць перавышаць нормы. Таксама заведзена адміністрацыйная справа з гэтай нагоды.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасцейскі раён.