Свіслацкія актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года



Свіслацкія грамадскія актывісты 30 кастрычніка ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года. Штогод у Свіслачы і Якушоўцы праходзіць традыцыйны фэст, які ўшаноўвае тых, хто змагаўся за Бацькаўшчыну ў 1863-64 гадах. Сёлета аргкамітэт святкавання пастанавіў змяніць фармат мерапрыемства. У звязку з сістэмным пераследам грамадскіх актывістаў і складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй вырашана на гэты раз дэцэнтралізаваць Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Аргкамітэт заклікае цягам бліжэйшых тыдняў у розныя дні прыязджаць, прыходзіць у Свіслач, Якушоўку, у іншыя памятныя мясціны і ўшаноўваць змагароў за вольнасць.

Кажа сябра аргкамітэту Уладзімір Хільмановіч: „Свіслач і Якушоўка – гэта цэнтральныя мясціны ўшанавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Але багата і іншых мясцовасцяў, звязаных з падзеямі і асобамі паўстання, цягам апошніх дзесяці гадоў з’явіліся і новыя мемарыяльныя знакі, прысвечаныя вызвольнаму чыну 1863 года. Гэта мясціны Францішка Багушэвіча, Элізы Ажэшкі, Валеры Урублеўскага, Людвіка Нарбута – Кушляны, Жупраны, Мількаўшчына, Мінявічы, Жалудок, Нача, Шаўры…Варта там і ў іншых месцах пабываць, схіліць галовы, запаліць знічкі, ускласці кветкі пад нашым бел-чырвона-белым сцягам”.

Свіслацкія рупліўцы ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года ўпарадкавалі тэрыторыю каля помнікаў, наведалі магілы Віктара Каліноўскага і мясцовага грамадскага актывіста Віктар Дзесяціка, які быў у ліку тых, хто арганізоўваў фэст памяці інсургентаў.

Беларускае Радыё Рацыя