Свята дзяцінства ў Глыбокім



Свята дзяцінства, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, прайшло на цэнтральнай плошчы Глыбокага. Падчас свята з канцэртнымі нумарамі выступілі навучэнцы школ і выхаваўчых устаноў раёна. Таксама былі арганізаваныя майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, працавалі тэматычныя навучальныя, забаўляльныя і творчыя пляцоўкі. Ладзіўся шахматны турнір і працавалі атракцыёны.

З якім настроем прыйшлі на свята наведвальнікі і якія асацыяцыі ўзнікаюць у іх са словам “дзяцінства”? Пра гэта мы запыталіся ў глыбачанаў.

Дзяцінства – гэта радасць. Кожны чалавек, які трымае за руку дзіцяці, адчувае нешта непаўторнае. Дзеці – гэта кветкі нашага жыцця. Яны як сонца.

– Нялёгкім быў той час, 60-ыя гады. Дзяцінсва ў 70-ых. Зараз ім весялей жыць, чым нам раней. Але ўсё роўна дрэнна жывецца ў Глыбокім. Мне зараз 57 гадоў, а ўладкавацца на працу нідзе не магу – не бяруць. Пашпарт паглядзяць: 57 гадоў – усё, непатрэбны такі, стары. То што, ісці красці? Бо есці кожны дзень хочацца…

– Свята дзяцінства – гэта радасць. Сваё дзяцінства было таксама добрым. З мамай, сястрой і братам мы на кожнае свята выходзілі, гулялі.

– Гэта радасць, бестурботнасць, бо ў дзяцінстве нічога складанага не трэба рабіць.

Міжнародны дзень абароны дзяцей заснаваны ў лістападзе 1949 года ў Парыжы рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Упершыню ён пачаў адзначацца ў 1950 годзе.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі