„Свята Незалежнасці” ў Гародні



У Гарадзенскім Каложскім парку на Дзень Волі 25 сакавіка адбыліся святочны мітынг і канцэрт, якія сабралі больш за 500 чалавек з розных куткоў Гарадзенскай вобласці.

Пра ўдзел людзей з рэгіёнаў кажа грамадскі актывіст з Ваўкавыску Алесь Зайцаў:

– Было цікава паглядзець, хто будзе тут з нашых беларускіх зорак-музыкаў. Ведаў, што не будзе Вольскага, „Брутто”, нашых „Дзецюкоў”. Але канцэрт сапраўды цікавы, мерапрыемства цікавае. А атмасфера якая тут, нават не перадаць словамі! Бо сапраўды побач знаходзяцца людзі, калі разам з імі спяваеш нашы неафіцыйныя гімны, адчуваеш такое яднанне, быццам знаёмы ты з гэтымі людзьмі шмат-шмат гадоў.

Адмыслова на свята з Мастоўшчыны прыехаў грамадскі актывіст Уладзімір Брыцько:

– Прыехаў з Лунны на цудоўнае свята 100 год БНР. Цудоўны настрой. Шмат народу. Сцягі. Прыгажосць. Няма найлепшых святаў, як Коляды, Вялікдзень і Дзень Волі. Гэта найвялікшыя святы для беларусаў. І ўсіх са святам! Няхай Бог усім дае моцнага здароўя. Каб яшчэ больш народу збіралася на гэты дзень.

Свята ў Гародні скончылася выступам нечаканага госця, якім стаў праект “Вочы”, дзе на вакале быў спявак Юры Дубовік.

* * * 

Святочны кацэрт у гонар абвяшчэння 100-годдзя БНР праходзіць у Каложскім парку.

У мерапрыемстве ўдзельнічае каля 500 чалавек. Прастора падзелена на дзіцячую пляцоўку, зону гандлю і харчавання. Арганізатары прымаюць ахвяраванні на аплату розных паслугаў, прапануюць далучыцца да збору подпісаў за ўсталяванне памятнай шыльды на будынку, дзе працаваў урад Беларускай Народнай Рэспублікі, калі ён часова знаходзіўся ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня