Свята розуму да старога Новага года



Другая беларуская інтэлектуальная гульня, што адбылася ў Гародні, была прысвечана старому Новаму году. На пытанні па геаграфіі, краязнаўстве і гісторыі адказвалі амаль 100 удзельнікаў з 13 камандаў. Пра адметнасці інтэлектуальных гульняў па-беларуску распавядае арганізатарка праекта Ірына Часнок:

– Беларуская інтэлектуальная гульня звычайна праводзіцца ў Менску. У нас ужо было 12 гульняў і хутка будзе 13-ая. У рэгіёнах праводзім нячаста. Гародня – гэта такі эксперымент, калі мы выбіраем абласны горад, тут праводзім ужо другую гульню. Мэта – культурна-асветніцкая найперш, паказаць, што паб-квізы могуць быць не толькі па-беларуску, але яшчэ і пра Беларусь.

Вядоўца мерапрыемства Выдзім Жыдовіч вельмі задаволены тым, што ў Гародні гульцы маюць вялікі інтэлектуальны ўзровень

– Другая гульня пацвердзіла стабільна высокі ўзровень ведаў каманд. Амаль што паўтарылася тройка. Асобна дзякуй камандзе гістарычнага факультэта. Другая гульня – гэта заўсёды як упершыню. Таму кожная гульня – гэта для нас дэбют, нягледзячы на тое, якая яна па ліку – трэцяя, чацвёртая, пятая… Ёсць нейкая стабільнасць, і гэта прыемна. Людзей больш, усмешак больш, добрага настрою таксама. У гэтым і ёсць пазітыўныя плюсы.

Сярод удзельнікаў гульні былі людзі рознага ўзросту, а пераможцамі сталі вядомыя ў Гародні інтэлектуалы з каманды Naked Guitars, якія перамагаюць амаль ва ўсіх гарадзенскіх інтэлектуальных праектах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня