Свята cвабоды і змагання



16 лютага Літоўская Рэспубліка адзначала дзве важныя даты: 101 год з дня падпісання Акта незалежнасці Літвы і 70 гадоў палітычнай дэкларацыі літоўскага руху супраціву.

Па ўсёй краіне адбываюцца ўрачыстасці. Раніцай праз цэнтр Вільні прайшло шэсце «Шляхам літоўскай дзяржаўнасці», моладзь спынялася ў знакавых месцах і выгуквала словы падзякі бацькам-заснавальнікам, якія 16 лютага 1918 года падпісалі Акт незалежнасці Літвы, гучалі спевы і прамовы грамадскіх дзеячаў. Шэсце скончылася на Росах – могілках, дзе на магілы літоўскіх дзеячаў былі ўскладзеныя кветкі і запаленыя знічы.

Увечары ад Вострай Брамы рушыла шэсце з паходнямі, у якім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, сярод якіх былі і беларусы з нацыянальнымі сцягамі.

На праспекце Гедыміна былі запаленыя 70 вогнішчаў у памяць пра створаны ў 1949 годзе Рух барацьбы за свабоду Літвы. Падобныя мерапрыемствы адбыліся і ў іншых месцах, звязаных з партызанскім рухам.

Скончыўся святочны дзень вялікім канцэртам і салютам у цэнтры Вільні.

Беларускае Радыё Рацыя