Свята ў гонар Мікалая Цудатворца на Глыбоччыне



22 траўня праваслаўныя вернікі азначаюць свята ў гонар Мікалая Цудатворца. У вёсцы Завараты, што ў Глыбоцкім раёне, на месцы, дзе стаяла царква Святога Мікалая, праваслаўныя вернікі адзначылі фэст. На свята прыйшлі мясцовыя жыхары і прыехалі вернікі з суседніх вёсак. Святочны малебен узначаліў іерэй Уладзімір з Глыбокага.

Па яго словах, Святога Мікалая шануюць не толькі праваслаўныя, але і вернікі іншых канфесій, бо гэта адзін з вялікіх святых.

– Тварыў цуды, дапамагаў бедным. У нас, напэўна, няма такога дома, дзе не было б яго абраза. Таму што наш народ шануе гэтага святога. Віншую вас усіх са святам. Жадаю усім здароўя. І няхай ахоўвае вас Гасподзь. І каб вы таксама шанавалі гэтага святога. Маліліся яму. І каб у вашых дамах было толькі дабро.

Людзі  вераць, што Святы Мікалай апякуецца і дапамагае ўсім пілігрымам, тым, хто знаходзіцца далёка ад дома, і, вядома, дзецям. Таму свята святога адзначаецца 2 разы на год: узімку, 19 снежня – Дзень Святога Мікалая, і ўлетку – 22 траўня. Вясновае свята мае мноства назваў: Мікалай Цудатворца, Мікола вясновы, Мікола летні, Мікола літасцівы, марскі.

Таццяна Смоткіна