Свята вышыванкі ў Баранавічах



У Баранавічах чацвёрты год запар адзначана свята вышыванкі ў маладым парку ў цэнтры горада. Зладзілі яго актывісты Руху “За свабоду” разам з Баранавіцкім Таварыствам беларускай мовы.

Нават мясцовая ўлада далучылася сёлета да святкавання, праўда, на адлегласці двухсот метраў ад таго месца, дзе адзначала дэмакратычная грамада, – кажа каардынатар Берасцейскага абласнога аддзялення Руху “За свабоду”, дырэктар недзяржаўнага аб’яднання цэнтра “Тарча” Юрый Казакевіч:

– Наша галоўная мэта – гэта павышэнне нацыянальнай ідэнтычнасці, нацыянальнай самасвядомасці. Адзенне ў стылі вышыванкі, безумоўна, ёсць толькі адным са сродкаў праяўлення сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. На вуліцы ўжо можна пабачыць людзей у саколках з нацыянальнай сімволікай, і я бачу, што многія яе выкарыстоўваюць практычна як офісную, як штодзённую. Гэта адно з самых лепшых дасягненняў нашай дзейнасці.

На свяце лунаў бел-чырвона-белы сцяг, прысутнічалі людзі рознага ўзросту, многія былі ў вышыванках, выступіў лялечны тэатр, гучала беларуская музыка, спявалі беларускія песні. Святочнаму настрою спрыяла мяккае цеплае надвор’е.

Цалкам  матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя