Святкаванне 101-ых угодкаў абвяшчэння БНР у Нью-Ёрку



24 сакавіка 2019 года ў грамадскай зале сабора Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася святочная імпрэза, прымеркаваная да 101-ых угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мерапрыемства ладзілася нью-ёркскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання пры падтрымцы Галоўнай управы БАЗА і Парафіяльнай рады сабора Св. Кірылы Тураўскага.

Раніцаю ў 10:00 у царкве прайшла літургія і быў адслужаны малебен за Беларусь. Апоўдні пачалася святочная імпрэза, якую адкрыла віншавальнай прамовай старшыня Галоўнай управы БАЗА Наталля Федарэнка. Галіна Пазьняк зачытала віншаванне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Са святочнай прамовай выступіў Зянон Пазьняк, у якой падкрэсліў, што абвяшчэнне БНР было вынікам вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму.

З урачыстай прамовай выступіў старшыня Парафіяльнай Рады сабора Св. Кірылы Тураўскага – Расціслаў Гарошка. Ён зрабіў экскурс у гісторыю пабудовы беларускай аўтакефальнай царквы ў Амерыцы і распавёў пра важнасць яе захавання. Ганна Сурмач, былая шматгадовая старшыня Галоўнай управы БАЗА, сябра прэзідыуму Рады БНР, распавяла пра працу Рады БНР і заклікала прысутных падтрымаць ахвяраваннямі Раду, якая не мае аніякай іншай падтрымкі, акрамя той, што ідзе ад беларусаў. Напрыканцы афіцыйнай часткі выступіў Валеры Мінец, які павіншаваў усіх са святам і пажадаў еднасці і згоды беларусам на Бацькаўшчыне, у Амерыцы і ва ўсім свеце.

Асабісты ўдзел у святкаванні прынялі госці з Беларусі – Юры Беленькі, беларускі палітык, намеснік старшыні КХП-БНФ, і Мікіта Найдзёнаў, музыкант, паэт, лідар гурта “HURMA”.

Спадар Юры выступіў з натхняльнай прамовай пра тое, што кожны можа і павінен, у першую чаргу, сабе зрабіць асабісты ўнёсак у пабудову лепшай будучыні беларускага народа.

Мікіта Найдзёнаў пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю, распавёў пра новы праект „Сам Шазам”. Госці былі прыемна ўражаныя талентам і творчасцю спадара Мікіты.

[Not a valid template]

Наталля Федарэнка

Фотаздымкі Віктара Дударава, Вадзіма Васільева і Наталлі Федарэнкі

Відэа Віктара Дударава

[manual_related_posts]