Святлана Алексіевіч: Беларускім Гавэлам маглі б стаць і Калеснікава, і Ціханоўская, і Бабарыка



Беларуская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая жыве цяпер у Берліне, дала вялікае інтэрв’ю Нямецкай хвалі. Яна разважала пра памылкі, якія дапусціла Каардынацыйная рада ў жніўні 2020 году, філасофію Лукашэнкі, сваю новую любоў да беларусаў, пра герояў будучай кнігі і аб тым, чым у выніку скончыцца беларуская рэвалюцыя.

Алексіевіч зноў адзначыла, што хоча жыць у Беларусі. «Там маё жыццё, мае героі, любімыя краявіды. Шкадую, што сыходзяць апошнія вясковыя старыя, якіх  памятаю з дзяцінства і вельмі люблю» – дадала нобелеўская лаўрэатка.

«Беларусі патрэбен свой Гавэл. У нас быў Адамовіч, але ў 1990-я абралі Лукашэнку. Але цяпер наш народ абагнаў уладу. Сёння ён быў бы здольны абраць Адамовіча», – адзначыла Алексіевіч. Па яе словах новым Адамовічам ці беларускім Гавэлам маглі б стаць і Калеснікава, і Ціханоўская, і Бабарыка.