Святлана Алексіевіч пералічыла грошы на музей Алеся Адамовіча



Пісьменніца Святлана Алексіевіч пералічыла абяцаныя ёю 5 тысяч даляраў на стварэнне музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Пра тое, што нобелеўская лаўрэатка пералічыць на стварэнне музея такія грошы, было заяўлена на круглым стале «Музей Алеся Адамовіча: супраца грамадскасці і ўлады», які прайшоў 5 лістапада ў Магілёве. Тады ж быў створаны грамадскі савет па арганізацыі збору сродкаў на музей. Пра пералічэнне грошай паведаміла ініцыятарка круглага стала і збору сродкаў на стварэнне музея, журналістка газеты «Звязда» Нэлі Зігуля. Па яе словах, грошы на музей пералічыла таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

У бліжэйшы час павінен прайсці тэндар на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі для рэстаўрацыі будынка. Ідэя стварыць музей Алеся Адамовіча належыць сябрам і землякам пісьменніка.

Ахвотныя пералічыць грошы на стварэнне музея павінны настойваць у банках на ўказанні ў прызначэнні плацяжу доўгага запісу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А. Адамовіча».

Рэквізіты для пераводу грошай: аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. Разліковы рахунак 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «АСБ» Беларусбанк «, код 706, Бабруйск, 701226324 УНП.

Паводле БелаПАН