Святлана Алексіевіч: Я давала інтэрв’ю не Regnum



Інтэрв’ю лаўрэата Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апублікаванае, нягледзячы на яе забарону, агенцтвам Regnum, давалася для выдання „Деловой Петербург”, паведаміла Алексіевіч БелаПАН.

Увечары 19 чэрвеня агенцтва Regnum, вядомае сваімі правакацыйнымі тэкстамі ў дачыненні да Беларусі і антыўкраінскай пазіцыяй па канфлікце ў Данбасе, апублікавала матэрыял пад загалоўкам „Вы проста набор прапаганды”: забароненае і шчырае інтэрв’ю Алексіевіч” аўтарства аглядальніка Regnum Сяргея Гуркіна. Мяркуючы па тэксце, размова вялася ў правакацыйнай манеры і тычылася пераважна стаўлення пісьменніцы да вайны ва Украіне. Пасля чарговага пытання, якое тычылася Крыма і паўднёвага ўсходу Украіны, пісьменніца прапанавала спыніць „ідыёцкае інтэрв’ю” і забараніла яго друкаваць.

Алексіевіч пацвердзіла факт размовы з журналістам, але падкрэсліла, што давала інтэрв’ю для газеты „Деловой Петербург”. „Так, інтэрв’ю было, прыходзіў карэспандэнт. Але калі мы пачалі гаварыць, я зразумела, што гэта правакацыя”, — сказала пісьменніца. Алексіевіч пацвердзіла, што сапраўды забараніла публікаваць інтэрв’ю, і, паводле яе інфармацыі, даведаўшыся пра гэта, рэдакцыя „Делового Петербурга” адмовілася ад публікацыі.

Пасля гэтага, як мяркуе пісьменніца, аўтар вырашыў размясціць інтэрв’ю на іншым рэсурсе. На пытанне, ці не выключае яна, што інтэрв’ю першапачаткова задумвалася для публікацыі на Regnum, Алексіевіч адказала: „Думаю, што не. А ўвогуле — не ведаю. Расея сёння настолькі складаная краіна”.

Зараз пісьменніца абмяркоўвае са сваім літаратурным агентам, якія дзеянні можна распачаць у сувязі з публікацыяй забароненага інтэрв’ю. Алексіевіч не выключае, што гэты выпадак паўплывае на яе далейшае ўзаемадзеянне з журналістамі — у першую чаргу расейскімі. „Я ўжо нікому з іх верыць не магу. Там (у Расеі.) нават з сябрамі гутарыць складана. Нават калі хто-небудзь хоча захаваць сяброўства, кажа: „Святлана, ты ў адным лагеры, я — у іншым”, — адзначыла нобелеўскі лаўрэат.