Святлана Калінкіна: Беларусы перасталі баяцца



Улады паказалі сваю разгубленасць, так падсумавала рэпрэсіі на Дзень Волі у Менску шэф-рэдактар ньюсруму тэлеканала „Белсат” Святлана Калінкіна. Яны ўпершыню пабачылі людзей, якія іх не баяцца і доказы гэтаму можна было пабачыць на вуліцах беларускай сталіцы напярэдадні.

– Людзі, якія ўжо сядзелі ў аўтазаках – усміхаліся і махалі рукой. Жанчына, якая малілася, стоячы на каленях перад гэтымі амапаўцамі. Людзі, якія адкрыта, у тым ліку і нашаму тэлеканалу на камеру, казалі, што яны не баяцца, што ўжо баяцца хопіць. І я думаю, што вось у гэтых умовах улада сапраўды не ведае што рабіць.

Каля 700 чалавек былі затрыманыя напярэдадні ў Менску, у іх ліку і журналісты шматлікіх выданняў, у тым ліку нашага Беларускага Радыё Рацыя. Большасць праз нейкі час была вызваленая.

Акрамя таго, у Віцебску застаецца затрыманым журналіст нашага радыё Арцём Сізінцаў, а ў Гомелі – журналіст фрылансер Ларыса Шчыракова.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя