Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў засцерагчы сябе ад рабавання рэжымам
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў абараніць сябе ад рабавання рэжымам.
«У рэжыма заканчваюцца сродкі да існавання – і ён пачаў адкрыта адбіраць у беларусаў іх грошы. Ён скраў 1 400 000 рублёў з картак тых, хто прайшоў праз гвалт і катаванні па яго ж загадзе, і цалкам замарозіў рахункі гэтых людзей. Гэта значыць, што ні адзін рахунак ніводнага беларуса не знаходзіцца ў бяспецы.
Мая каманда працуе над тым, каб замежныя банкі не крэдытавалі беларускія банкі, якія ўдзельнічалі ў крадзяжах у народа. Але раз рэжым пайшоў на крадзеж, кожнаму трэба абараніць свае зберажэнні:
1. Закрыйце рахункі ў „Беларусбанку” і „Белаграпрамбанку” – яны наўпрост забяспечваюць рэжым.
2. Здыміце з рахункаў астатніх банкаў наяўныя і расплачвайцеся імі – так вы вернеце кантроль над грашыма і зменшыце працэнт падаткаў, якія ад кожнай аперацыі па карце сыходзяць рэжыму.
3. Стварайце падушку бяспекі ў валюце – так вы засцеражэце свае зберажэнні. Беражыце сябе і беражыце тое, што вы зарабілі сумленнай працай,” – заклікала Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/tsikhanouskaya
