Святога Лаўрэнція ўшанавалі ва Ушачах на каталіцкім фэсце



У гонар гэтага святога называецца мясцовы касцёл, яго выява нават ёсць на гербе і сцягу гарадскога пасёлка. Святы Лаўрэнцій лічыцца заступнікам гэтага невялікага мястэчка.

На свята завітаў і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Паводле яго слоў, Святы Лаўрэнцій жыў у ІІІ стагоддзі і быў пакутнікам.

– Падчас пераследу з-за Цэзара Валерыяна разам з Папам Рымскім Сікстам ІІ і яшчэ ўсімі дыяканамі, якія на той час служылі ў касцёле, аддаў жыццё ў пакутах, быў катаваны агнём. Таму ён з’яўляецца апекуном пекараў і ўсіх службаў, якія звязаны з агнём, а таксама ўсіх тых, хто ў небяспецы. Яго жыццё, яго прыклад, яго мужнасць у веры – прыклад для людзей.

Падчас фэсту адбылася Святая Імша, выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, спеў гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”, а таксама асвячэнне пірагоў, булак ды мёду. Потым усе прысутныя частаваліся гэтымі прысмакамі, а для дзяцей быў арганізаваны салодкі стол.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара