Святыня Гробу Пана зноў адчынена для ўсіх



Найстарэйшая ізраільская газета «Гаарэц» паведаміла, што 28 лютага святыня Гробу Пана зноў адчынена для вернікаў. Такое рашэнне прынялі прадстаўнікі трох канфесій, якія апякуюцца святыняй, паколькі ўлады прыпынілі дзеянне пастановаў, што абмяжоўвалі правы хрысціянаў на Святой Зямлі.

Хрысціяне моляцца перад зачыненымі дзвярым святыні 26 лютага

Урад Ізраіля замарозіў законапраект, які выклікаў абурэнне і стаў прычынай часовага закрыцця святыні. Гарадскія ўлады Іерусаліма таксама адклалі збор спрэчных падаткаў. Прэм’ер-міністр Бэньямін Нетаньягу і мэр Святога Горада Нір Баркат даручылі камісіі пад кіраўніцтвам Міністра рэгіянальнага супрацоўніцтва Цахі Ганэгбі дасягнуць пагаднення, якое задаволіць усе бакі.

Закрыццё святыні стала выразам пратэсту супраць адмены гарадской адміністрацыяй Іерусаліма дадзенага Касцёлу і Цэрквам яшчэ ўладамі Асманскай імперыі вызвалення ад мясцовых падаткаў. З мэтаю спагнання аплаты былі замарожаны разліковыя рахункі хрысціянскіх супольнасцяў.

Улады патрабуюць ад Каталіцкага Касцёла каля 2,8 млн еўра, ад англіканскай супольнасці — 1,6 млн еўра, ад Армянскай Апостальскай Царквы — 465 тыс. еўра, ад Праваслаўнай — 116 тыс. еўра. А законапраект, які выклікаў абурэнне, пагражае канфіскацыяй земляў, што належаць хрысціянскім супольнасцям на Святой Зямлі.

catholic.by

Фота: Olivier Fitoussi