Святыню спалілі, але не выпалілі людскую памяць



На старажытных могілках Пінска, якім вось ужо за дзвесце гадоў, неабыякавыя гараджане аднавілі крыж на месцы страчанага касцёла Маці Божай Балеснай. Упершыню такім чынам святое месца вернікі адзначылі напачатку 1990-х гадоў.

Усё, што дайшло да сёння – падмурак, фота аўтара.

Невялікі касцёл знішчылі ў першай палове 1960-х гадоў, калі па краіне Саветаў пракацілася чарговая хваля барацьбы з “опіумам для народа”. Афіцыйная версія – невядомыя злачынцы з хуліганскіх мэтаў падпалілі пустуючую драўляную пабудову. Пасля Другой Сусветнай вайны бальшавікі закрылі касцёл, людзі перанеслі абразы і ўсе рэчы ў адзіны тады дзеючы каталіцкі храм Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Пінскі мастак Мікалай Казлоўскі па памяці намаляваў касцёл.

Тады пінчукі не надта паверылі афіцыйнай версіі, не вераць і зараз. Сучаснікі тых падзей казалі, што былі асобы, якія бачылі, хто і навошта ўсё зрабіў. Маўляў, гэтыя злачынцы рабілі сваю чорную справу мэтанакіравана, па загаду гаркама Кампартыі.

Крыж, як памяць пра святыню, фота аўтара.

Лічыцца, што касцёл Маці Божай Балеснай пабудавалі ў 1820 годзе і амаль стагоддзе гэта была капліца. У сувязі з павялічэннем у горадзе колькасці каталікоў, у 1927 годзе святыню пераўтварылі ў касцёл, парафія налічвала да трох тысяч чалавек. Старое пакаленне пінчан згадвала, наколькі тут былі ўрачыстымі набажэнствы на Дзяды. Могілкі ззялі тысячамі агеньчыкаў, нібы зоркі на набе – на кожнае пахаванне ставілі знічы. Калі ведалі, што за суседскай магілай, каля сваякоў, няма каму даглядаць, то абавязкова прыбіралі, запальвалі лампадкі. Рэха традыцыі дайшло да нашых дзён, канечне, не ў тым маштабе ды і з кожным годам усё сыходзіць у мінулае…

Вернікі моляцца за продкаў на падмурку святыні, Дзяды, 2 лістапада 2012 года, фота аўтара.

Пінскі некропаль уяўляе сабой вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць, ён складаецца з каталіцкай, праваслаўнай, габрэйскай і вайсковай частак. Апошнюю магчыма яшчэ падзяліць на некалькі частак па дзяржаўнай прыналежнасці жаўнераў і перыяду іх пахавання.

Праваслаўная частка змяшаная з пахаваннямі польскіх і расейскіх жаўнераў, фота аўтара.

Тое, што праз гады ліхалеццяў і наўмыснага разбурэння ўцалела – малая частка ад колішняй велічы. Першыя пахаванні згадваюцца ў пачатку XIX стагоддзя. Тут вечны спачын знайшлі выхадцы вядомых родаў Скірмунтаў, Агінскіх, Ордаў, Бутрымовічаў. Сярод магіл, якія захаваліся, і дагэтуль можна знайсці пахаванні рэлігійных і грамадска-палітычных дзеячаў, мастакоў і пісьменнікаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад не толькі ў развіццё Пінска. Гэтыя асобы знакавыя для Беларусі, Польшчы, Украіны і Расеі.

Каталіцкая частка могілак. Яна больш пацярпела ад вандалаў, там дзе пустое месца калісь былі помнікі, фота аўтара.

За савецкім часам ніхто не звяртаў увагі на вандалаў, можа нават у чымсьці тыя разбурэнні помнікаў, ускрыццё пахаванняў мела ідэйны падтэкст. У 1990-я і 2000-я могілкі сталі ўлюблёным месцам наркаспажыўцоў, прадстаўнікоў розных моладзевых нефармальных рухаў. Больш-менш парадак усталяваўся пасля 2007 года. Тады ўлетку грамадскасць самаарганізавалася, пачала ладзіць амаль штодзённыя акцыі па добраўпарадкаванню, нават начныя рэйды. Праз год далучыліся камунальнікі, але і ў нашыя дні, хтосьці ды плюне ў памяць – зламае крыж, агароджу ці перакульне помнік.

Галоўнае, што ўдзячных нашчадкаў болей і дабро перамагае цемру.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.