Аршанскія РЭПаўцы даслалі чыноўнікам подпісы супраць Дэкрэта № 3



Сябры аршанскага аддзялення прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і іншых галінаў гаспадарання даслалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, урад і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь звыш трох тысяч подпісаў, сабраных у жыхароў гэтага рэгіёну супраць Дэкрэта № 3.

Падпісныя аркушы былі запакаваныя ў вялікія канверты і дасланыя высокім чыноўнікам для азнаямлення з настроямі народа, які масава выступае за скасаванне падатку. Сябра прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў адзначыў, што па юрыдычную дапамогу ў прафсаюз РЭП звярталіся людзі абсалютна розных прафесій і ўзростаў.

— Прыходзілі людзі ў гадах, бо непакояцца за ўнукаў і дзяцей. І працуючыя, што сёння працуюць, а заўтра могуць не працаваць. Самі беспрацоўныя. Асноўная маса вядома ўсё разумее і гатовая да супрацы ў далейшым, а некалькі чалавек нават уступілі у наш прафсаюз. Закрануты нават той электарат, які раней падтрымліваў Лукашэнку.

Пры гэтым у прафсаюзе РЭП паведамілі, што не ўсе падпісныя аркушы яшчэ былі вернутыя зборшчыкамі подпісаў назад, таму лічба сабраных подпісаў можа быць большай. Тады новасабраныя подпісы грамадзян будуць яшчэ раз дасланыя заказнымі лістамі ў розныя дзяржаўныя ўстановы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша