Сямейная пара з Гарадзеншчыны выгадавала больш за 200 тыс. слімакоў
Больш за 200 тысяч слімакоў ужо вырасціла сямейная пара з Гарадзеншчыны на сваёй ферме. Уладзімір і Вікторыя Рабковы арганізавалі ў Карэліцкім раёне першую ў Беларусі слімаковую ферму і займаюцца гэтым ужо трэці год.
Напачатку ў фермераў было ўсяго 300 кілаграмаў слімакоў, сёлета — ужо 5 тон.
Па словах Уладзіміра Рабкова, упершыню смаўжоў ён пакаштаваў у Іспаніі сем гадоў таму, і яму спадабалася:
— Я іх пакаштаваў і мне падалося, калі параўнаць з нашымі беларускімі стравамі, што гэта падобнае да языка ялавічнага, але смак зусім іншы, але вельмі прыемны, цудоўны, мяккі. А калі я прыехаў у госці да бацькоў і убачыў слімака, дык прыгадаў, што некалі я іх еў. Я пачаў вывучаць гэты від слімакоў і зразумеў, што гэта выдатны далікатэс і карыснае мяса, якое поўзае ў нас пад нагамі. Таму я іх сабраў, афіцыйна зарэгістраваў і ўжо праз тры гады атрымаў пакаленне, якое можна падаваць у рэстаранах.
Як кажа Уладзімір Рабкоў, у Еўропе беларускіх слімакоў называюць «бургундскімі». Яны з жонкай іх гатуюць таксама па класічным рэцэпце – «па- бургундску».
Паводле Уладзіміра, іх слімакамі сёлета зацікавілася французска-бельгійская кампанія, з якой яны збіраюцца супрацоўнічаць. Пакуль жа Рабковы пастаўляюць слімакоў у беларускія рэстараны.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя