Сям’і з Лоева, у дапамогу якой масава збіралі грошы, вярнулі дзіця



Андрэю Коўзіку і Алесі Фаміных з Лоева органы апекі вярнулі трохмесяцавага сына Максіма.

У ліпені дзіця адабралі ў грамадзянскіх мужа і жонкі згодна з дэкрэтам прэзідэнта № 18, а 31 жніўня — вярнулі ў сям’ю, паведаміла БелаПАН маці хлопчыка. „Прывезлі самі, аддалі, сказалі, што мы малайцы — усё неабходнае зрабілі. Ніякіх умоў пакуль больш не ставілі”, — расказала Алеся.

Як паведамлялася раней, 34-гадовая Алеся Фаміных нарадзіла першынца 10 траўня. З-за цяжкай цяжарнасці яна часта ляжала на захаванні. Пасля родаў у хлопчыка выявілі парок сэрца, і ён прабыў больш за два месяцы з маці ў бальніцы. Потым дзіця забралі з сям’і па рашэнні Лоеўскага райвыканкама і адправілі ў Дом дзіцяці, прызнаўшы маці і бацьку Максіма „абавязанымі асобамі”.

Прычынамі забрання дзіцяці ў камісіі выканкама называлі тое, што яго бацька злоўжываў спіртным, у доме была антысанітарыя, адсутнічаў запас дзіцячага адзення і посуду, не было водаправода. Маці хлопчыка тлумачыла такое становішча спраў цяжкім матэрыяльным становішчам сям`і. Да дэкрэтнага адпачынку яна працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала каля 200 рублёў, іншую працу знайсці не магла.

Каб выканаць патрабаванні камісіі па справах непаўналетніх, Андрэй закадаваўся і ўладкаваўся на працу, зрабіў рамонт у доме, муж і жонка купілі неабходныя рэчы, але грошай на правядзенне вады ў двор не хапала.

Пасля размяшчэння інфармацыі аб праблемах сям’і ў інтэрнэце многія людзі, а таксама некалькі грамадскіх і дабрачынных арганізацый дапамаглі пары. Сродкі на правядзенне водаправода пералічыла дабрачынная каталіцкая місія „Карытас-Міласэрнасць”. У канцы жніўня Лоеўскі райжылкамгас правёў ваду ў двор сям’і. Пасля гэтага ў райвыканкаме прайшло яшчэ адно пасяджэнне камісіі, мужу і жонцы выставілі новыя патрабаванні. Калі ўсё было выканана, на чарговым пасяджэнні камісіі дзіця вырашылі вярнуць бацькам.