Сямён Шапіра: Віноўнік павінен разлічвацца за канфіскаваны трактар



Канфіскацыя транспарту па віне нецвярозых кіроўцаў наносіць значны ўрон эканоміцы сельгасарганізацый, заявіў старшыня Менскага аблвыканкама Сямён Шапіра на пасяджэнні, дзе разглядалася эфектыўнасць выканання комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у рэгіёне за 2015 год.

Першы намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Менаблвыканкама Вадзім Мурын паведаміў, што летась у сталічным рэгіёне канфіскаваныя чатыры трактары, якія належаць сельгаспрадпрыемствам, за кіраванне транспартным сродкам асобай у стане алкагалёвага ап’янення паўторна на працягу года. Неразуменне ў прадстаўніка унутраных спраў выклікаў той факт, што за рулём транспартных сродкаў прадпрыемстваў аказваюцца кіроўцы, ужо пазбаўленыя права за язду пад шафэ. У сувязі з гэтым Вадзім Мурын звярнуў увагу на неналежны кантроль за станам транспартнай дысцыпліны з боку кіраўнікоў сельгасарганізацый.

Старшыня Менаблвыканкама як адзін з варыянтаў вырашэння праблемы прапанаваў абавязаць п’яных кіроўцаў, па чыёй віне канфіскоўваецца транспартны сродак, пакрыць іх кошт. «Я прыхільнік таго, каб віноўнік цалкам разлічваўся за канфіскаваны трактар », – сказаў Сямён Шапіра.