Жонку актывіста Леаніда Дубаносава затрымалі каля суда (абноўлена)



Адразу пасля судовага пасяджэння людзі ў цывільным затрымалі жонку актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Дубаносава Алену. Хаця ўсе прысутныя на судзе павінны былі ехаць з Аленай у міліцыю па позве, якую яна атрымала напярэдадні.

Людзі ў цывільным аб’явілі аб прывадзе Дубаносавай у міліцыю. Хаця да сустрэчы са следчым была амаль гадзіна, кажа Леанід Дубаносаў:

 – Калі яна ўжо выйшла з суда, то яе ўзялі пад рукі і ў машыну. На што яна сказала: “У мяне ж позва”. Юрыст стаяў побач, кажа: “У яе ж позва, зараз мы ідзем туды”. “Не-не, мы яе забіраем”. Следчы сказаў, што ёй дасылаліся позвы праз пошту, але ж мы іх не бачылі, нам іх ніхто не прыносіў. “Вы можаце абскарджваць”. Пачакайце, вы патэлефануйце на пошту, іх нам давалі ці не давалі.

Па словах прававога інспектара прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзіміра Малея, карціна затрымання Алены Дубаносавай нагадвае 37 год:

– Дзеянні супрацоўнікаў РАУС нагадваюць 37 год, калі проста на вуліцы да чалавека падыходзяць і кажуць: “Алена Уладзіміраўна, пройдзем у машыну, паедзем з намі ў аддзел міліцыі”. Махаюць паперкамі, нібы ёсць пастанова аб прывадзе.

Паводле актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкі, міліцыя парушае правы чалавека і паказвае  свой непрафесіяналізм.

* * *

Абарона інтарэсаў у судзе сябра прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Алены Дубаносавай адхілена ў судзе. Былога прадаўца крамы “Прыгажуня” ў Мікашэвічах вінавацяць у нястачы грошай у краме.

Прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей намагаўся забяспечыць абарону жонцы актывіста Леаніда Дубаносава:

 – Матыў адмовы, што падчас працы ў краме прадаўцом яна не з’яўлялася сябрам Беларускага прафсаюза РЭП. На самой жа справе 62 артыкул Канстытуцыі ўстанаўлівае, што кожны грамадзянін мае права на абарону ў любы момант у выглядзе адвакатаў ды іншых асобаў.

Судовае пасяджэнне перанесена на 10 жніўня. Алена будзе наймаць адваката. Алена Дубаносава – жонка актывіста кампаніі “Гавары праўду” Леаніда Дубаносава, які быў звольнены з прадпрыемства “Граніт” за адмову выйсці з незалежнага прафсаюза, змагаецца за атрыманне заробку за некалькі месяцаў і замену фармулёўкі звальнення.

* * *

Сям’ю грамадскага актывіста з Мікашэвічаў Леаніда Дубаносава сустрэлі новыя праблемы. Гаспадар крамы “Прыгажуня” Аляксей Кацуба абвінаваціў у завышэнні цэнаў на тавар і вялікай нястачы грошай яго жонку Алену. Алена Дубаносава звярнулася па дапамогу ў суд.  У сваю чаргу пасля гэтага  Аляксей Кацуба звярнуўся ў міліцыю:

– Чалавек мала таго, што ён узяў такім метадам, я не ведаю, ён яшчэ людзей абкрадаў – цэны завышаў на тавары. Мы не ведалі, што цэны завышаныя і два тыдні праводзілі рэвізію вяртаючы цэны назад да тых, якія павінны быць па накладных, калі мы вярнулі цэны назад, то недастача стала нашмат большай.

Муж Алены Дубаносавай Леанід лічыць справу надуманай:

– Калі яны праводзілі рэвізію ў іх 36 мільёнаў была недастача, пасля атрымалася 76 мільёнаў, пасля 54, пасля 67, я ўжо сам заблытаўся. Крама не мела сігналізацыі, дзверы былі новымі, звычайна ў новых дзвярах пяць ключоў, але два ключы былі ў прадаўцоў. Дзе яшчэ тры ключы? Прадпрымальнік хацеў, каб яна працавала задарма і проста дармовы супрацоўнік атрымліваецца, што ў нас у Беларусі напэўна ўжо не адзінкавы выпадак. 

Актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў упэўнены ў палітычным заказе справы. А прадпрымальнік Кацуба, на яго думку, выкарыстаны дзяржавай у якасці сродка ціску на сям’ю актывіста.

IMG_3476

IMG_3477

IMG_3490

Беларускае Радыё Рацыя