Сяргей Чыслаў: Час аб’яднацца чырвона-зялёным з бел-чырвона-белымі (абноўлена)



Адзін са стваральнікаў кампаніі «Свежы вецер» Сяргей Чыслаў лічыць, што ў барацьбе супраць расейскай імперскай палітыкі важныя розныя спосабы. І таму акцыя каля расейскай амбасады з выкачваннем гарбуза не меней эфектыўная ў сімвалічным і інфармацыйным плане за мітынг у цэнтры Менску:

– Мы звярнуліся да сяброў з пытаннем ажыццявіць стары рытуал. Гэта менавіта, калі жаніх сватаецца. І калі нявеста лічыць, што ёй не падабаецца гэты жаніх, яна проста выкачвае гарбуза. Гэта таксама было дастаткова годна, прыгожа, традыцыйна, трошку нестандартна. Таму што, калі ўвесь хадзіць па горадзе, то гэта не выклікае ўжо пазітыўнай рэакцыі.

Кампанія «Свежы вецер» у бліжэйшыя дні абмяркуе стратэгію на наступныя тыдні. Будзе вырашана што рабіць і як. Па словах Сяргея Чыслава, прывязвацца да даты менавіта 20-га снежня не варта, неабходна ўмацоўваць незалежнасць штодзённа і рознымі захадамі.

***

У інтэрнэце з’явіўся відэаролік, дзе беларусы з нацыянальным бел-чырвона-белым і дзяржаўным чырвона-зялёным сцягамі ганяюць па Менску Пуціна.

Гэты ролік створаны ў гумарыстычным жанры, аднак мае глыбокі сэнс, лічыць адзін са стваральнікаў кампаніі «Свежы вецер» Сяргей Чыслаў:

– Калі лес гарыць, то, даруйце, драпежнікі не жаруць зайцаў па дарозе, з лесу ўсе ўцякаюць. Гэта можа і няўдалы прыклад. Я не прапаную ўцякаць, але я кажу пра тое, што зараз менавіта ў такой сітуацыі ўсім варта задумацца, калі мы хочам бачыць Беларусь у будучым. Тут, канешне, варта ўсім прызадумацца. Апошняе відэа рабілі менавіта: хлопец у чырвона-зялёным з бела-чырвона-белым разам ганяюць венікамі Пуціна. Мы вось якраз адправілі мэсэдж грамадству – час аб’ядноўвацца чырвона-зялёным з бел-чырвона-белымі. Радзіма ў нас адна.

Сяргей Чыслаў перакананы, што і сярод сябраў БРСМ і іншых праўладных арганізацыяў ёсць шчырыя беларускія патрыёты. Але іх слабая актыўнасць тлумачыцца шматгадовым пераследам уласнага народу з боку ўладаў. Тым не менш, зараз адзіны слушны варыянт для ўсіх – аб’яднацца і вырашыць, што рабіць дзеля ўмацавання незалежнасці далей.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск