Сяргей Мазан: Лакальная праблема – гэта тая, якая побач з табой



Што можна назваць лакальнай праблемай? Па якіх пытаннях неабходна збіраць подпісы, складаць звароты, а якія таго не вартыя? Хто нясе адказнасць за іх вырашэнне? Адказамі на такія пытанні і парадамі з нашай карэспандэнткай Алісай Поль падзяліўся берасцейскі блогер, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Мазан.

Сяргей Мазан: Лакальная праблема –гэта тая, якая вось яна – у вызначаным месцы, побач з табой, і якую ты бачыш кожны дзень. Зразумела, што ёсць тэрміны і паняцці. Я думаю, што шматлікія з гэтым тэрмінам сутыкаліся. Магчыма, не ўсе разумеюць, але ўсе выдатна ведаюць, што вось гэтая – гэта мая праблема. Дарожка – я па ёй штодня хаджу, і яна там у дрэнным стане. То бок так ці інакш мы ўсе з гэтым сутыкаліся.

РР: Ці можна падзяліць праблемы на істотныя і неістотныя? Ад чаго гэта залежыць?

Сяргей Мазан: Я думаю, што на самой справе ёсць значныя праблемы, ёсць менш значныя, як і паўсюль. І тут таксама трэба разумець, што ўсё і адразу ніхто ніколі не зробіць. Трэба дзяліць усё на дробныя і вялікія праблемы і дзейнічаць, і вырашаць гэтую праблему, калі яна больш значная. Хапацца за тое, што друз не так ляжыць ці яшчэ што там – адна справа, а калі там дрэнны стан дарогі ці дарожкі, па якой мы ходзім кожны дзень, то тут трэба звярнуць увагу.

РР: Хто павінен вырашаць гэтыя лакальныя праблемы? Ці павінны агулам людзі самі імі займацца?

Сяргей Мазан: Зразумела, што ўсе мы плацім падаткі і чакаем ад мясцовых уладаў, ад нейкіх камунальных службаў, каб тыя ці іншыя праблемы вырашаліся. Зразумела, што ўсё і адразу зрабіць немагчыма. Але пытанне ў тым, што, напэўна, кожны грамадзянін у сваім двары не можа зрабіць усё – не можа пакласці асфальт, перакапаць дарогу, перакасіць газон, высадзіць дрэвы і зрабіць дзіцячую пляцоўку. Таму ўсё гэта павінен рабіць горад, камунальныя службы, ЖКГ і так далей. І калі чалавек звяртае на гэта ўвагу і дапамагае гэтым службам рашаць іх праблемы, то гэта нармальна.

Я лічу, што кожны жыхар павінен так ці інакш садзейнічаць паляпшэнню свайго навакольнага асяроддзя. Такім чынам кожны вырашае для сябе сам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя